Нават збліжэнне Лукашэнкі з Трампам гэта ўхваленая Масквой аперацыя — Ніжнікаў
Дональд Трамп і Аляксандр Лукашэнка, калаж
Кіраўніцтва Беларусі не стане дзейнічаць без узгаднення з Масквой ні па адной сур'ёзнай праблеме ў пытанні руска-ўкраінскай вайны. Такое меркаванне выказвае старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў. На яго думку, значэнне Беларусі ў вайне будзе ўзрастаць.
"Маскве яна важная як рэсурс для гібрыдных аперацый. У гэтым ёсць свае плюсы — значыць, прамога ўключэння Лукашэнкі ў вайну ў Крамлі не хочуць. Але і меркаваць, што яго можна пагрозамі прымусіць аддаліцца ад Масквы, таксама не варта", — прыводзіць словы Ніжнікава "Новая газета Европа".
Эксперт мяркуе, што "нават збліжэнне з Трампам і частковае зняцце з Мінска санкцый — гэта ўхваленая Масквой аперацыя, а не спроба ад яе аддаліцца".
Рэжыму Лукашэнкі няма на каго разлічваць, акрамя Масквы, падкрэслівае Ніжнікаў. Таму пры рэальнай ваеннай пагрозе з боку Украіны ў Лукашэнкі не будзе выйсця — толькі стаць поруч з Пуціным.