Звольнілі першага намесніка міністра культуры, які ваяваў з музеямі
Дзмітрый Шляхцін / sb.by
Першага намесніка міністра культуры Дзмітрыя Шляхціна звольнілі з пасады, піша "Наша Ніва". Ён займаў гэтае крэсла ад снежня 2024-га — быў прызначаны ў той жа дзень, калі Руслана Чарнецкага прызначылі міністрам культуры.
Пасля таго, як новым міністрам культуры стаў Марат Маркаў, Шляхцін не доўга пратрымаўся на сваёй пасадзе. Апошняе інтэрв'ю ў якасці першага намесніка ён даваў у маі.
Як паведамляе "Наша Ніва", чыноўніка не толькі звольнілі, але таксама выкраслілі са спісу патэнцыйных дырэктараў Нацыянальнага гістарычнага музея.
Менавіта Шляхцін прапанаваў пазбавіць музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа самастойнасці — іх могуць уключыць у склад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры як філіялы. Таксама ён прапаноўваў закрыць Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Тым, хто перажываў за экспанаты, Шляхцін грэбліва сказаў, што іх трэба скласці ў каробкі і вынесці на сметніцу.
Шляхціну 42 гады. Ён закончыў гістфак БДУ (музейнае аддзяленне). Свой працоўны шлях пачынаў у Нацыянальным гістарычным музеі. Ад 2010 года працаваў ва ўпраўленні ўстаноў культуры і народнай творчасці Мінкультуры, з 2014‑га — ва ўпраўленні сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі.
У 2016‑м Шляхціну даручылі кіраваць музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пазней ён працаваў на пасадзе начальніка сакратарыята Банка развіцця.