У Пастаўскім раёне больш за 450 чалавек беспадстаўна залічылі ў "дармаеды"

"Антыдармаедская" акцыя, архіўнае фота

"Антыдармаедская" акцыя, архіўнае фота

Больш за 450 чалавек у Пастаўскім раёне трапілі ў "спісы дармаедаў" беспадстаўна. Гэта высветлілася падчас рэйдаў міліцыі.

У "спісы дармаедаў" былі ўнесеныя 1590 чалавек. Пасля рэйдаў міліцыі па дамах спісы скараціліся да 1109 асобаў, заўважыла "Віцебская Вясна".

Высветлілася, што вялікая частка людзей паехала шукаць працу ў іншыя краіны: 195 чалавек змянілі месца жыхарства на замежнае, больш за 200 чалавек паехалі працаваць за мяжу, прычым большасць — у Еўропу. 96 чалавек аказаліся ў спісе памылкова, бо яны маюць працу. А яшчэ 25 фігурантаў спісу — гэта пенсіянеры ці людзі з інваліднасцю або цяжкімі захворваннямі.

Раней праваабаронцы пісалі пра завышаныя лічбы "дармаедаў" у Бешанковіцкім раёне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.