Пад Стоўбцамі арыштавалі ўдзельнікаў музычнага рэйву
Рэйв, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Міліцыянты затрымалі некалькі ўдзельнікаў закрытага музычнага рэйву, які праходзіў непадалёку ад Стоўбцаў у ноч з 21 на 22 чэрвеня.
На свята сабраліся музыкі, мастакі, дызайнеры ды іншыя прадстаўнікі творчых прафесій. Як расказаў "Белсату" суразмоўца, рэйв не меў палітычнага падтэксту.
Падчас канцэрту на яго з'явіліся сілавікі ў суправаджэнні групы са службовымі сабакамі. Міліцыянты пачалі хапаць усіх, хто трапляўся пад руку. АМАПаўцы запатрабавалі спыніць музыку і спевы.
Калі машыны з затрыманымі ад'ехалі, канцэрт працягнуўся.
Паведамляецца, што міліцыянты затрымалі музыкаў, а таксама некалькі непаўналетніх. Пасля допыту на ўсіх іх склалі адміністрацыйныя пратаколы. Суды прызначылі затрыманым ад 10 да 15 сутак арышту.