Некаторым фігурантам "справы Гаюна" прапануюць "адкупіцца"

Амапаўцы, ілюстрацыйнае фота

Амапаўцы, ілюстрацыйнае фота

Некаторым людзям, затрыманым па "справе Гаюна", сілавікі прапаноўваюць спыніць крымінальны пераслед. У абмен трэба зрабіць "добраахвотныя" ахвяраванні на карысць дзяржаўных установаў. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Раней адзін з беларусаў расказаў, што за адно паведамленне ў бот "Гаюна" яму прапанавалі перавесці некалькі тысяч долараў на рахунак Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання.

На сённяшні  дзень праваабаронцы "Вясны" ведаюць пра 200 чалавек, якіх дакладна асудзілі па "справе Гаюна". Агульны лік фігурантаў гэтай справы значна большы. Паводле праваабаронцаў, затрыманні па ўсёй Беларусі адбываюцца да гэтага часу. Некаторых затрыманых адпускаюць да суда пад заклад.

Асуджаным па гэтай справе прызначаюць пераважна "хатнюю хімію", але вядомыя і выпадкі, калі людзей пазбаўляюць волі.

"Справа Гаюна"

"Беларускі Гаюн" — незалежны маніторынгавы праект, які з 2022 года адсочваў і публікаваў інфармацыю пра актыўнасць і перамяшчэнне расійскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

У лютым 2025 года пасля несанкцыянаванага доступу да чат-бота "Гаюна" яго стваральнік Антон Матолька заявіў пра спыненне працы праекта.

Неўзабаве ў Беларусі пачаліся  затрыманні людзей, якіх сілавікі падазраюць у перадачы інфармацыі "Беларускаму Гаюну". Фігурантаў справы абвінавачваюць паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.