У Беларусі навучаюцца 37 тысяч замежных студэнтаў, кожны трэці з іх — з Кітая
Замежныя студэнты, ілюстрацыйнае фота / grodno.mvd.gov.by
Сёння ў Беларусі навучаюцца 37 тысяч замежных студэнтаў. Прычым за апошнія чатыры гады іх колькасць павялічылася на 10 тысяч. Такія лічбы ў інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу СТБ назваў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
"Безумоўна, мы пашыраем геаграфію экспартаўтваральных паслуг. Гэта краіны Афрыканскага кантынента, Паўднёва-Усходняй Азіі, безумоўна, краіны ШАС. Кожны трэці замежны студэнт — гэта Кітайская Народная Рэспубліка", — расказаў чыноўнік пра краіны, з якіх прыязджаюць навучэнцы.
Таксама Іванец паведаміў, што навучацца ў Беларусь прыязджае шмат моладзі з постсавецкіх краін — напрыклад, Узбекістана і Туркменістана. У медыцынскія ВНУ паступае шмат прадстаўнікоў Шры-Ланкі. Студэнты з афрыканскіх краін складаюць больш за 15% ад агульнай колькасці замежных студэнтаў.
Раней паведамлялася таксама, што за пяць гадоў колькасць студэнтаў першай ступені вышэйшай адукацыі ў Беларусі скарацілася больш як у два разы — з 260,9 тыс. да 118,8 тыс. чалавек.