За пяць гадоў колькасць студэнтаў у Беларусі знізілася ў два разы
Студэнты, ілюстрацыйнае фота / univerpl.com.ua
У Беларусі за пяць гадоў колькасць студэнтаў першай ступені вышэйшай адукацыі скарацілася больш як удвая. У 2019-м іх было 260,9 тыс. чалавек, а ў 2024-м — ужо толькі 118,8 тыс. Такія звесткі падаюцца ў справаздачы UNESCO пра стан адукацыі ў свеце, заўважыў "Белсат".
Пасля распаду СССР вышэйшая адукацыя ў Беларусі імкліва пашыралася. Валавы каэфіцыент ахопу вышэйшай адукацыяй ад 48% у 1991 годзе павялічыўся да 96% у 2013-м. Але потым тэндэнцыя змянілася: у 2024-м гэты паказнік быў ужо 70%, знізіўшыся за дзесяцігоддзе на 26 працэнтных пунктаў. Аўтары даследавання кажуць, што цяпер Беларусь набліжаецца да сярэдняга ўзроўню (65%) для краінаў з даходам вышэй за сярэдні.
Чаму ў Беларусі стала менш студэнтаў? Адной з галоўных прычын аўтары называюць дэмаграфічныя змены. У Беларусі становіцца менш моладзі ў веку ад 15 да 24 гадоў, якая можа быць абітурыентамі і студэнтамі. За сорак гадоў колькасць скарацілася амаль удвая — з 1,66 млн чалавек у 1983 годзе да 890 тыс. у 2023-м.
Усё большая частка моладзі выбірае навучанне па-за межамі Беларусі. Паводле звестак UNESCO, паказнік зыходнай студэнцкай мабільнасці дасягнуў у 2023 годзе 9% — гэта значыць, амаль кожны адзінаццаты беларускі студэнт атрымліваў вышэйшую адукацыю за межамі краіны.
У самой Беларусі ад сярэдзіны 2000-х адбывалася "зачыстка" прыватных ВНУ, якіх на сёння засталося толькі чатыры. Доля студэнтаў прыватных ВНУ зменшылася з 15% да 6% у 2022 годзе.
Таксама ў справаздачы UNESCO гаворыцца, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі не гарантуе поспеху на рынку працы. 33% выпускнікоў ВНУ працавалі на пасадах, якія патрабуюць ніжэйшай кваліфікацыі.
Асобна аўтары справаздачы звяртаюць увагу на дзяржаўны кантроль над універсітэтамі і абавязковае размеркаванне выпускнікоў. Акрамя таго яны згадваюць пра прыпыненне ўдзелу Беларусі ў Балонскім працэсе ў 2022 годзе.