“Усе пасраліся праз бяспеку”. Як студэнты ЕГУ рэагуюць на прызнанне ВНУ “экстрэмісцкай”

Фасад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта

Фасад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта / RFI

Апошні месяц у Беларусі адбываецца пераслед студэнтаў і выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, прызнанага Генпракуратурай у сярэдзіне красавіка “экстрэмісцкай арганізацыяй”. У адказ ВНУ аб’явіла аб пашырэнні мер падтрымкі студэнтаў, выкладчыкаў і іх сем’яў. 

Еўрарадыё расказвае, якія меры бяспекі прапанавала адміністрацыя ЕГУ і чаму студэнты ВНУ аказаліся імі незадаволены.  

 

Што робіць адміністрацыя для абароны супольнасці

Пасля таго як беларускія ўлады надалі ЕГУ экстрэмісцкі статус, адміністрацыя ВНУ абвясціла бяспеку студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і членаў іх сем’яў сваім безумоўным прыярытэтам.

У лісце, які надоечы атрымала Еўрарадыё, рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас падкрэслівае, што задача ўніверсітэта “заключаецца не толькі ў рэагаванні на цяперашнія выклікі, але і ў забеспячэнні супольнасці неабходнай падтрымкай, рэсурсамі і магчымасцямі для бяспечнага працягу навучання і прафесійнай дзейнасці”.

У лісце гаворыцца, што ВНУ распрацавала і рэалізуе сістэму рэагавання на рэпрэсіі, заснаваную на трох асноўных кірунках: забеспячэнні бесперапыннасці адукацыйнага працэсу; практычнай дапамозе пацярпелым і ўмацаванні доўгатэрміновай стабільнасці; бяспецы і лічбавай абароне супольнасці.

Паведамляецца, што для тых, каму можа спатрэбіцца тэрміновы выезд з Беларусі, універсітэт спрасціў адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з навучаннем, падрыхтаваў месцы для пражывання і арганізаваў дадатковыя механізмы кансультавання. 

“Усе пасраліся праз бяспеку”. Як студэнты ЕГУ рэагуюць на прызнанне ВНУ “экстрэмісцкай”
Рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас / Public Entity “European Humanities University”

Сцвярджаецца, штто ВНУ таксама актыўна супрацоўнічае з літоўскімі дзяржаўнымі ўстановамі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі па пытаннях віз, відаў на жыхарства і іншых прававых механізмаў, якія могуць дапамагчы членам супольнасці бяспечна выехаць з краіны.

Апроч таго, створана гарачая лінія па прынцыпе “аднога акна”, пашыраны доступ да юрыдычнай дапамогі з удзелам незалежных экспертаў у галіне правоў чалавека, арганізаваны вочныя кансультацыі і ўзмоцнены сэрвісы псіхалагічнай падтрымкі. 

У лісце пішуць, што прадстаўнікі ўніверсітэта падтрымліваюць пастаянны дыялог са студэнтамі, выкладчыкамі, кіраўнікамі адукацыйных праграм, дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі для ацэнкі патрэб і каардынацыі дапамогі.

А таксама, што ўніверсітэт узмацніў абарону звестак, удасканаліў меры інфармацыйнай бяспекі і працягвае супрацоўніцтва з партнёрамі для падтрымання высокіх стандартаў абароны даных. Сябрам супольнасці прадастаўляюцца рэкамендацыі па асабістай і лічбавай бяспецы, каб мінімізаваць рызыкі для тых, хто застаецца ў Беларусі ці падтрымлівае сувязь са сваякамі на радзіме.

 

“Адміністрацыя глыбока занепакоеная”

Тым часам студэнты ЕГУ, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, апісваюць сітуацыю ўнутры ўніверсітэта іншым чынам — як напружаную і хаатычную, адзначаючы, што адміністрацыя не спраўляецца з крызісным менеджментам.

Публічныя спікеры і ананімныя суразмоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што афіцыйныя рассылкі ВНУ не ўтрымліваюць канкрэтыкі, што рабіць студэнтам і іх сем’ям у сітуацыі пераследу з боку КДБ, а сустрэчы з кіраўніцтвам пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў.

Студэнт факультэта права і валанцёр “Вясны” Артур Баран лічыць, што адміністрацыя ВНУ праваліла працу ў надзвычайнай сітуацыі, не падрыхтаваўшы інструкцыі па бяспецы загадзя, хоць пагрозы гучалі яшчэ з мінулага года.

“Усе пасраліся праз бяспеку”. Як студэнты ЕГУ рэагуюць на прызнанне ВНУ “экстрэмісцкай”
Выпускнікі ЕГУ на фоне вільнюскай ратушы / супольнасць "ЕГУ | Европейский гуманитарный университет" у Вконтакте

Хлопец падкрэслівае, што рэктар адмовіўся ад супрацоўніцтва з валанцёрамі па пытаннях юрыдычных кансультацый.

“Адміністрацыя глыбока занепакоеная, але карыснага ў іх лістах практычна нічога няма. Мы, як валанцёрская служба, прапаноўвалі дапамогу з кансультацыямі па кібербяспецы, ад якіх рэктар публічна адмовіўся, заявіўшы, што ў іх ёсць свае спецыялісты. А сама сустрэча адбывалася на англійскай мове без перакладчыка, хоць рэктар дакладна ведае рускую мову”.

Таксама Артур адзначае, што інфармацыйныя рассылкі ад адміністрацыі носяць агульны і павярхоўны характар, пытанне легалізацыі студэнтаў падвісла ў паветры, а псіхалагічная дапамога стала недасяжная.

Студэнт 3-га курса факультэта “Медыя і камунікацыі” Пётр Іваноў звяртае ўвагу на тое, што ў студэнцкіх чатах пануе незадаволенасць, нават гучаць патрабаванні адстаўкі рэктара. Паводле яго слоў, студэнты кажуць, што камунікацыя з адміністрацыяй ЕГУ выглядае млявай, а часам і хамскай.

“Студэнты вельмі незадаволеныя тым, што ўсё абмяжоўваецца агульнымі словамі. Нават рыхтуецца ліст да донараў і Еўракамісіі са скаргай на кіраўніцтва, бо абяцанні дапамогі з гуманітарнымі ВНЖ выглядаюць як спроба пусціць пыл у вочы”.

Пры гэтым Пётр зазначае, што не ўсе пытанні ВНУ можа вырашыць. Што да  легалізацыі, то супраціўленне можа ісці з боку літоўскага ўрада, які не гатовы выдаваць шмат гуманітарных ВНЖ студэнтам ЕГУ зараз, ва ўмовах вайны ва Украіне. Як і паўплываць на дзейнасць беларускіх улад і спецслужбаў.

Агулам сярод студэнтаў пануюць палярныя меркаванні: адны падтрымліваюць тое, як рэагуе адміністрацыя ВНУ, а другія лічаць, што зробленыя захады недастатковыя.

“Усе пасраліся праз бяспеку”. Як студэнты ЕГУ рэагуюць на прызнанне ВНУ “экстрэмісцкай”
Абразлівыя лістоўкі, абклееныя недалёк ад корпуса ЕГУ / калаж Еўрарадыё

“У выніку ўсе пасраліся праз прычыны бяспекі, бо незразумела, каму ў чаце давяраць, ці рэальна даныя з ліста пойдуць у міністэрства адукацыі Літвы, а не ў КДБ”, — кажа адна з выпускніц ЕГУ, тлумачачы сітуацыю падрыхтоўкі адкрытага ліста донарам ЕГУ з патрабаваннем адстаўкі рэктара.

Тым часам вакол будынка ВНУ пачалі з’яўляцца лістоўкі з фотаздымкамі Вілюса Шадаўскаса і Аляксандра Лукашэнкі і абразлівым подпісам: “Пакуль гэта свінота сядзіць у цёплым кабінеце, вашы бацькі сядзяць у турме”.

Як тлумаачаць нашы суразмоўцы, невядома, кім былі зроблены гэтыя лістоўкі: студэнтамі ці правакатарамі спецслужбаў. Але з улікам незадаволенасці да такой акцыі маглі быць датычныя і самі студэнты.

Даарэчы, студэнты, якія пагадзіліся паразмаўляць ананімна, малююць яшчэ больш змрочную карціну, параўноўваючы метады рэагавання ЕГУ на сітуацыю з “экстрэмісцкім статусам” з дзеяннямі беларускіх улад.

Яны распавядаюць пра выпадкі запалохвання падчас агульных сустрэч і поўную адсутнасць рэкамендацый для тых, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі.

"Нам не адказалі ні на адно пытанне, а сустрэчы ператвараюцца ў запалохванне. Калі адзін хлопец пачаў задаваць шмат пытанняў, рэктар проста прыгразіў яму адлічэннем. Яны ведаюць пра вобшукі менш, чым пішуць у СМІ, і нават баяцца рабіць агульную рассылку з мерамі бяспекі, каб яна не трапіла ў КДБ”.

Адзіным станоўчым прыкладам студэнты называюць факультэт эканомікі і бізнесу BEROC, дзе адміністрацыя дзейнічае аўтаномна. Там адразу запрасілі юрыста і наладзілі адкрыты дыялог з супольнасцю.

У астатніх выпадках студэнты вымушаны дапамагаць адзін аднаму самастойна, бо давер да вышэйшага кіраўніцтва ВНУ знаходзіцца на крытычна нізкім узроўні. Пры гэтым суразмоўцы кажуць, што не назіраюць масавага жадання пакінуць ЕГУ. Збольшага таму, што адлічэнне не вырашыць пытанне бяспекі.

“Калі ты вучыўся ў ЕГУ, значыць, ты ўжо экстрэміст, незалежна ад таго, калі ты вучыўся. Таму вялікага сэнсу сыходзіць няма”, — падзяліўся меркаваннем Пётр Іваноў.

Еўрарадыё звярнулася да адміністрацыі ЕГУ з агучанымі студэнтамі пытаннямі. Калі мы атрымаем на іх адказ, то працягнем гісторыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.