Допыты былых студэнтаў ЕГУ і іх бацькоў праходзяць на Віцебшчыне
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / facebook.com/EHUOfficial
У Віцебскай вобласці адбыліся ператрусы ў былых студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, якія скончылі ЕГУ ці пакінулі яго, не завяршыўшы навучанне. Пра некалькі такіх выпадкаў стала вядома праваабаронцам з "Віцебскай Вясны".
Падчас ці пасля ператрусаў следчыя дапытвалі маладых людзей і іх бацькоў. У прыватнасці, іх цікавіла, хто плаціў за навучанне. Прычым цікавяцца аплатай ажно дзесяцігадовай даўніны:
"Неўстаноўленыя асобы не раней за 30.04.2016 ажыццявілі прадастаўленне і збор грашовых сродкаў, каштоўных папер і іншай маёмасці для свядомага забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі "Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт", прызнанай такой рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 14.04.2026".
Сёлета ў красавіку рэжым Лукашэнкі прызнаў ЕГУ "экстрэмісцкай арганізацыяй".
Прадстаўнік Віцебскай абласной пракуратуры Дзмітрый Кудраўцаў казаў у каментары дзяржаўным СМІ, што "фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці" можа лічыцца ў тым ліку аплата навучання ў ЕГУ. Праўда, пакуль што інфармацыі пра пачатыя крымінальныя справы з гэтай нагоды няма.
Прэс-служба ЕГУ ў сваім паведамленні 9 чэрвеня заявіла пра меры падтрымкі студэнтаў: "Былі спрошчаныя адміністрацыйныя працэдуры, звязаныя з арганізацыяй навучання, забяспечаныя магчымасці размяшчэння для студэнтаў, якім можа спатрэбіцца пераезд, а таксама створаныя дадатковыя механізмы кансультавання, якія дазваляюць аператыўна прадастаўляць інфармацыю і індывідуальную падтрымку. ЕГУ таксама цесна супрацоўнічае з літоўскімі ўстановамі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі па пытаннях віз, відаў на жыхарства, іншых прававых механізмаў, даступных членам супольнасці, а таксама дадатковых магчымасцяў для бяспечнага выезду з Беларусі тых, хто ў гэтым мае патрэбу".