У Беларусі хочуць зняць кіно, як войска ў 2020 годзе рыхтавалася да агрэсіі NATO

Беларускія дэсантнікі, ілюстрацыйнае фота

Беларускія дэсантнікі, ілюстрацыйнае фота / t.me/brest38sso

Мінкульт хоча зняць ігравое кіно пра тое, як у 2020 годзе беларускае войска рыхтавалася адбіваць патэнцыйную агрэсію NATO.

Такая фармулёўка фігуруе ў спісе прыярытэтных тэмаў конкурсу сцэнароў да 110-га юбілею ўтварэння Узброеных сіл Беларусі, заўважыў тг-канал "Свяшчэнны Белавуд".

Цалкам спіс прыярытэтных тэмаў для напісання сцэнароў выглядае так:

— пераемнасць пакаленняў у абароне Айчыны ў розныя гістарычныя перыяды (Вялікая Айчынная вайна, выкананне інтэрнацыянальнага абавязку ў Афганістане, служба ў сучасных Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь);

— работа разлікаў, якія выконваюць задачы баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне, па цэлях, што парушылі дзяржаўную мяжу ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь;

— разгортванне групоўкі беларускага войска на заходніх рубяжах для прадухілення патэнцыйнай агрэсіі краін NATO ў 2020 годзе;

— выкананне задач падраздзяленнямі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па ўзмацненні аховы ўчасткаў дзяржаўнай мяжы;

— з'яўленне ў Беларусі сучасных комплексаў узбраення;

— дзейнасць вайскоўцаў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна.

Матэрыялы на конкурс чакаюць 14 жніўня не пазней за 17:00. Вынікі конкурсу будуць падведзеныя да 1 верасня 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.