У СБУ назвалі генералаў РФ, адказных за ўдар, ад якога загінулі два кіроўцы з Беларусі

Корасцень пасля расійскага абстрэлу ў ноч на 10 сакавіка 2022 года

Корасцень пасля расійскага абстрэлу ў ноч на 10 сакавіка 2022 года / mns.gov.ua

Служба бяспекі Украіны завочна паведаміла пра падазрэнне двум расійскім генералам, якія спланавалі і загадалі атакаваць горад Корасцень Жытомірскай вобласці ў ноч з 9 на 10 сакавіка 2022 года. Гэта генерал-палкоўнік Аляксандр Чайка (тады камандаваў войскамі Усходняй вайсковай акругі РФ) і генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка — камандуючы авіяцыяй апэратыўнай групоўкі войск Расіі "Усход".

Як адзначаюць украінскія следчыя, падначаленыя генералаў ударылі як мінімум 12 фугаснымі і аскепкава-фугаснымі бомбамі, вырабленымі на заводах расійскага навукова-вытворчага аб’яднання "Базальт". Для атакі яны паднялі ў паветра два бамбавікі.

Ад таго ўдару па жылых кварталах і грамадзянскай інфраструктуры загінулі двое грамадзян Беларусі — кіроўцы фур, нагадвае Радыё "Свабода". Адзін мясцовы жыхар атрымаў цяжкія раненні. Пашкоджаныя былі больш за паўсотні прыватных будынкаў.

Беларускія грамадзяне, якія загінулі падчас расійскай атакі — дальнабойшчыкі Дзмітрый Шылец і Іван Рогаў. Яны атрымалі моцныя апёкі і памерлі ў рэанімацыі. Мэр Корасценя тады казаў, што расійскія самалёты выляталі бамбіць гэты горад акурат з тэрыторыі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, быццам беларускіх дальнабойнікаў "забілі ўкраінцы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.