Аўтобус з дзецьмі на Браншчыне атакаваў украінскі дрон — прадстаўнік Беларусі ў ААН
Валянцін Рыбакоў / "Беларусь 1"
Атаку на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці правёў дрон украінскай вытворчасці. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі Валянцін Рыбакоў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 29 чэрвеня.
Дыпламат паведаміў, што ў беларускага боку ёсць доказы: "Гэты БПЛА належыць да тыпу Darts і абсталяваны паражальнымі элементамі. Ён мае баявую частку з масай выбуховага рэчыва каля 1200 г у тратылавым эквіваленце".
Рыбакоў заявіў, што на месцы здарэння знайшлі аб'екты з маркіроўкамі па-ўкраінску: "Сярод такіх аб'ектаў — блок кіравання дэтанатарам, выраблены на заводзе ў Шостка Сумскай вобласці. Сам дэтанатар, а таксама акумулятарная батарэя з'яўляюцца кампанентамі, вырабленымі ва Украіне".
Таксама ён сказаў, што аналагічны дрон упаў у Лельчыцкім раёне 17 чэрвеня.
Аўтобус, у якім на адпачынак ехала дзіцячая футбольная каманда з Рэчыцы, трапіў пад дронавую атаку ў Бранскай вобласці Расіі 17 чэрвеня. Загінула жанчына — жонка аднаго з трэнераў. Шэсць чалавек атрымалі траўмы — пяцёра дзяцей і адзін дарослы.
Следчы камітэт Расіі абвінаваціў Украіну ў нанясенні гэтага ўдару. Генштаб Узброеных сілаў Украіны абвяргае абвінавачанні і заяўляе, што ў названы час у Бранскай вобласці ён не праводзіў аперацыі з выкарыстаннем дронаў.