Палітвязня-журналіста Дзяніса Івашына вярнулі з турмы ў магілёўскую калонію

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын

Палітвязня-журналіста Дзяніса Івашына вярнулі з турмы ў магілёўскую калонію №15. Сваякі ўжо атрымалі першыя лісты з калоніі, піша БАЖ.

Ліст да маці датаваны 18 чэрвеня, з яго вынікае, што на той момант Дзяніс знаходзіўся ў каранціне ў калоніі, паведаміла ў сацсетках жонка журналіста Вольга Івашына. Яшчэ праз некалькі дзён паштоўка ад мужа прыйшла і да яе.

У паштоўцы Вольгу занепакоіла фраза пра тое, што Дзяніс пакуль не займаецца фізкультурай і "захоўвае сябе ў ашчадным рэжыме".

Перавод Дзяніса Івашына з турмы (ён адбыў там тры гады) у магілёўскую калонію жонка не расцэньвае як палёгку. "Паводле загадаў кіраўніцтва ПК-15 яго там збівалі, а потым ізалявалі ад іншых вязняў у ШІЗА, каб ніхто не бачыў ягоныя сінякі", — заяўляе яна. Вольга кажа, што яе мужу ў гэтай калоніі забаранялі тэлефанаванні, спатканні з бацькамі, прадуктовыя перадачы, а лісты знішчалі.

Маці журналіста днямі атрымала ад адміністрацыі калоніі. У ім гаворыцца, што пасля 13 лютага 2030 года Івашын будзе мець права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Але для гэтага ён мусіць сваімі паводзінамі "даказаць уласнае выпраўленне".

Дзяніса Івашына асудзілі на 13 гадоў калоніі пасля шэрагу артыкулаў, у якіх ён расказваў, як украінскія сілавікі пасля 2014 года ўладкаваліся ў сістэму МУС Беларусі. Суд над ім быў закрыты. Івашына прызналі вінаватым у здрадзе дзяржаве ды незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.