У палітвязня Васіля Верамейчыка, імаверна, быў інфаркт — сваякі
Васіль Верамейчык / LRT
Стан здароўя экс-каліноўца Васіля Верамейчыка выклікае сур'ёзную заклапочанасць. Праз сур'ёзныя праблемы з сэрцам палітвязня ўжо дадалі ў гуманітарныя спісы. Пра гэта выданню "Наша Ніва" расказала яго жонка Яўгенія.
Праблемы ў Верамейчыка пачаліся яшчэ ў СІЗА. Ён скардзіўся на сімптомы, якія сведчаць аб праблемах з сэрцам: боль у грудзях, дыхавіца, галавакружэнне, ацёкі рук і ног. Але дапамогі медыкаў у СІЗА ён не атрымаў.
У 2025-м Верамейчыку прысудзілі 13 гадоў калоніі і адправілі ў шклоўскую калонію №17. Там яму нарэшце зрабілі абследаванне: узялі аналізы і правялі УГД сэрца. Сям'і пра вынікі не паведамілі, але самому палітвязню прызначылі кропельніцы і выпісалі чатыры моцныя прэпараты: аспікард, клопідагрэл, аторвастатын і метапралол.
На аснове гэтай інфармацыі Яўгенія параілася з дактарамі пра стан мужа: "Ёсць прыкметы сур’ёзнага сардэчна-сасудзістага захворвання, імаверна ішэмічнай прыроды, з высокай рызыкай трамбатычных ускладненняў. Прызначаная тэрапія (антыагрэганты, бета-блакатары, статыны) характэрная для пацыентаў пасля інфаркту міякарда або з высокай рызыкай яго развіцця. Стан патрабуе пастаяннага медыцынскага назірання і можа горшаць ва ўмовах ізаляцыі".
Да таго ж у Верамейчыка спадчынная схільнасць да сардэчна-сасудзістых хваробаў: у яго блізкіх сваякоў былі выпадкі інфарктаў і цяжкіх аперацый.
Таксама сваякі звяртаюць увагу, што ў калоніі Верамейчыка доўгі час не адпраўлялі ў ШІЗА (штрафны ізалятар), хаця туды часта трапляюць палітвязні і з менш цяжкімі артыкуламі. Адміністрацыя калоніі казала, што ў ШІЗА ён не трапляе праз праблемы з сэрцам.
Сёлета ўвесну родныя Верамейчыка па абмежаваннях у камунікацыі ды іншых прыкметах зразумелі, што яго ўжо некалькі разоў адпраўлялі ў ШІЗА. Таксама палітвязня пазбавілі тэлефанаванняў, прадуктовых і медыцынскіх перадач.
На пачатку чэрвеня Васіля, як кажа жонка, мусілі перавесці ў бальніцу пры мінскім СІЗА-1, каб зрабіць аперацыю на сэрцы. Але замест бальніцы ён аказаўся ў ШІЗА, а потым і ўвогуле ў ПКТ, дзе ён будзе ізаляваны ад меддапамогі.