Як уладкавана турэмная медыцына ў Беларусі: дыягназаў няма, лячэння таксама

Турэмная медыцына ў Беларусі: зняволеныя застаюцца без дапамогі / Reuters
У беларускіх турмах зняволеныя сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі ў атрыманні медыцынскай дапамогі. Паводле закона, яны маюць права на лячэнне, але на практыцы многія застаюцца без неабходнай дапамогі. Пра гэта пішуць “Белыя халаты”.
Што не працуе?
Законы ў Беларусі гарантуюць зняволеным права на медыцынскую дапамогу, але на справе асуджаныя вымушаныя дабівацца нават звычайных аглядаў. Вузкія спецыялісты амаль недаступныя.
Асабліва ўразлівыя пацыенты з хранічнымі захворваннямі: цукровым дыябетам, гіпертаніяй, астмай, анкалогіяй. Ім неабходны рэгулярны кантроль стану арганізма.
Стоматалагічная дапамога таксама застаецца недаступнай. Матэрыялаў для лячэння не хапае, а спецыялістаў — адзінкі, падкрэсліваюць “Белыя халаты”. Эксперты Фонду “Лекары за праўду і справядлівасць” адзначаюць, што пасля вызвалення амаль кожная былая зняволеная мае сур’ёзныя праблемы з зубамі.
Чаму турэмная медыцына ізаляваная?
Як адзначаюць “Белыя халаты”, у новым праекце Кодэкса аб ахове здароўя няма механізму выканання правоў зняволеных на меддапамогу. Гэта адбываецца таму, што турэмная медыцына застаецца па-за сферай кантролю Міністэрства аховы здароўя, фактычна будучы асобнай сістэмай, падначаленай МУС. Гэта робіць сістэму закрытай і непадкантрольнай грамадскасці.
Стандарты грамадзянскай медыцыны ў калоніях прымяняюцца выбарачна, а спецыялізаваных пратаколаў для месцаў пазбаўлення волі проста няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.