Палітзняволеную Марыю Калеснікаву ў калоніі з ПКТ вярнулі ў атрад

Марыя Калеснікава ў зняволенні, 2024 год

Марыя Калеснікава ў зняволенні, 2024 год / Telegram

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву ў калоніі з памяшкання камернага тыпу вярнулі ў атрад. У ПКТ яна правяла больш за паўтара года. Яе знаходжанне там скончылася ў канцы мінулага года. Пра гэта ў сваім тг-канале паведаміла каманда палітыка Віктара Бабарыкі.

"Гэта значыць, што зараз яна не ізаляваная, — гаворыцца ў паведамленні. — Мы спадзяемся, што яна таксама зможа атрымліваць лісты, сустракацца з адвакатам".

ПКТ — спецыяльнае памяшканне ў калоніі, камера з больш строгім рэжымам утрымання. Для змяшчэння ў яе палітвязняў адміністрацыя можа проста прыдумаць "злоснае парушэнне".

У 2020 годзе Калеснікава была адной з галоўных дзейных асоб беларускага пратэсту. Яна адмовілася з'язджаць з Беларусі, парвала на мяжы свой пашпарт. Тады, у верасні 2020-га, яе арыштавалі. У 2021-м яна была асуджаная на 11 гадоў калоніі (прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" і "стварэнні экстрэмісцкага фармавання"). Сваёй віны палітзняволеная не прызнала. З пачатку 2022-га знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі № 4. У канцы восені 2022 года Марыя Калеснікава трапіла ў рэанімацыю з вострым перытанітам. 

З лютага 2023-га сувязі з Калеснікавай не было. Толькі ў лістападзе 2024-га з Марыяй змог сустрэцца яе бацька.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі