"Святлана, я кахаю цябе". Што сказаў Ціханоўскі праз год пасля вызвалення з турмы

Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскі / Краіна для жыцця

Роўна год таму Сяргей Ціханоўскі выйшаў на волю пасля некалькіх гадоў зняволення. У гадавіну свайго вызвалення беларускі палітык апублікаваў відэазварот, у якім падзякаваў людзям, што ўдзельнічалі ў яго вызваленні, расказаў пра сваё цяперашняе жыццё і выказаўся наконт сітуацыі ў Беларусі.

Паводле слоў Ціханоўскага, сваім вызваленнем ён абавязаны "Богу і амерыканскай адміністрацыі". Ён выказаў падзяку спецпасланніку па Беларусі Джону Коулу, кангрэсмену Крыстаферу Сміту, генералу Кіту Келагу і ўсім, хто ўдзельнічаў у перамовах.

"Дзякуючы вам мне было выратавана жыццё", — заявіў палітык.

 

Асобна Ціханоўскі звярнуўся да сваёй жонкі і лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай, падкрэсліўшы, што ўсе гады яго зняволення яна змагалася не толькі за яго вызваленне, але і за будучыню нашай краіны.

"Святлана, я кахаю цябе і ганаруся табой", — сказаў ён.

Палітык таксама закрануў тэму беларускіх палітвязняў. Паводле яго слоў, вызваленне людзей, якія застаюцца за кратамі па палітычных матывах, залежыць ад многіх фактараў, аднак ён працягвае дамагацца іх вызвалення.

"Ніхто не павінен заставацца за кратамі за свае перакананні", — падкрэсліў Ціханоўскі.

Цяпер ён жыве ў Лос-Анджэлесе, дзе вывучае англійскую мову, рыхтуецца да паступлення ва ўніверсітэт, піша кнігу і займаецца творчасцю. Ціханоўскі прызнаўся, што адаптацыя да жыцця на волі застаецца няпростым выпрабаваннем.

"Кожны новы дзень нагадвае мне пра тое, наколькі каштоўныя сям'я, свабода і магчымасць гаварыць праўду", — адзначыў ён.

Напрыканцы звароту палітык выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі. На яго думку, палітыка Аляксандра Лукашэнкі прывяла да таго, што краіна зноў апынулася на мяжы вайны.

"Я малюся, каб гэтага не адбылося", — заявіў Ціханоўскі.

Свой зварот ён завяршыў словамі: "Жыве Беларусь! Жыве Вольна!".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.