Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца

Андрэй Сяргееў

Андрэй Сяргееў / АНТ

У прапагандысцкім тэлесюжэце на канале АНТ паказалі яшчэ аднаго былога каліноўца, які знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі. Гэта Андрэй Сяргееў, пра затрыманне якога раней не паведамлялася.

Як піша "Наша Ніва", Сяргееў яшчэ ў савецкі час скончыў Казанскую танкавую вучэльню. У 2020 годзе ён выходзіў на акцыі пратэсту — баставаў каля "Атланта", потым разам з жонкай выехаў у Польшчу.

У сюжэце Сяргееў гаворыць, што быў у камплектацыйным цэнтры ў Варшаве, дзе набіралі добраахвотнікаў у полк Каліноўскага, а потым паехаў ва Украіну. Дэталі гісторыі гучаць блытана, мужчына кажа, што ў яго былі праблемы з алкаголем.

Калі і якім чынам Сяргееў вярнуўся ў Беларусь — невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.