Экс-палітвязень Максім Знак напісаў песню пра людзей Сістэмы
Максім Знак / кадр з кліпа "Ходзікі"
Экс-палітвязень Максім Знак напісаў песню "Ходзікі" — пра людзей Сістэмы. Кліп з'явіўся на яго Youtube-канале.
У песні Знак параўноўвае служак Сістэмы з ходзікамі, якія ходзяць па крузе, бяздумна выконваючы чужыя загады:
Ходзяць людзі-ходзікі, ходзікі, ходзікі,
Шыбуюць ножкі-стрэлачкі па вялікім крузе.
Блішчаць на людзях гузікі, гузікі, гузікі,
Зашпілены ўсе гузікі на магутных грудзях іх!
Людзі Сістэмы ў імкненні выжыць стараюцца не думаць і быць проста паслухмянымі вінцікамі для выканання інструкцый:
І ім лепей не рабіць, каб не памыліцца,
І лепей ім не думаць, каб дома не напіцца.
Ім лепей не пытаць і не шукаць адказаў,
Ім лепей так хадзіць па крузе раз за разам,
За разам, за разам, за разам-разам-разам.
Максім прызнаўся, што песня была запісаная яшчэ ў сакавіку. Аднак высветлілася, што цяпер песні глядзяць, а не слухаюць — давялося рабіць кліп.