Закрыць спісы палітвязняў? Што адказалі праваабаронцы на ідэю Вольгі Такарчук

Вызваленыя палітвязні ў Вільні, 16 сакавіка 2026 года

Вызваленыя палітвязні ў Вільні, 16 сакавіка 2026 года / LookByMedia

Спісы палітвязняў павінны заставацца закрытымі, бо так будзе лепш для саміх зняволеных, іх родных і працы праваабаронцаў. На гэтую тэму ў стрыме Еўрарадыё разважала блогерка і былая палітзняволеная Вольга Такарчук.

Мы спыталіся ў праваабаронцаў з цэнтра “Вясна” і ініцыятывы Dissidentby, наколькі такая прапанова выглядае аптымальнай і эфектыўнай.

 

Ананімныя спісы і адсутнасць даверу да праваабаронцаў

Блогерка лічыць, што для таго, каб гаварыць пра рэпрэсіі, неабавязкова публікаваць сотні прозвішчаў.

“Значна важней ведаць агульную колькасць палітвязняў і рэгулярна агучваць гэтую лічбу. Што змяняецца ад таго, што чалавек ведае 800 прозвішчаў? Іх усё адно ніхто штодня не пералічвае ў эфірах, а для большасці людзей такая інфармацыя не нясе практычнай карысці”.

Вольга Такарчук лічыць дастатковым, каб шырокае кола людзей ведала толькі агульную статыстыку, без паімённых спісаў.

“Калі камусьці патрэбна інфармацыя пра канкрэтнага чалавека, ён можа звярнуцца ў профільную арганізацыю. Там змогуць праверыць, хто звяртаецца, ці можна яму давяраць, і пры неабходнасці даць звесткі пра канкрэтнага палітвязня”.

Паводле слоў Вольгі, ёй зразумелыя страхі людзей, якія не хочуць паведамляць праваабаронцам пра выпадкі, калі супраць іх блізкіх пачынаюцца рэпрэсіі.

“З аднаго боку, гэта можа прыцягнуць увагу і дапамагчы. З іншага — людзі задаюцца пытаннем, ці не пагоршыць гэта становішча іх роднага чалавека ў калоніі. Таму яны вымушаныя ўзважваць усе плюсы і мінусы і вырашаць, што ў канкрэтнай сітуацыі прынясе больш карысці, а што можа стварыць дадатковыя рызыкі”, — лічыць блогерка.

 

Праваабаронцы не лічаць ананімныя спісы рацыянальным рашэннем

Мы папрасілі праваабаронцаў пракаментаваць агучаныя Вольгай думкі пра ананімныя спісы палітвязняў.

Марына Касінерава, прадстаўніца ініцыятывы Dissidentby, якая публікуе спіс палітвязняў паводле ўласнай метадалогіі падліку, лічыць, што ідэальнага спосабу публікацыі даных пра палітвязняў не існуе.

“Тут не будзе ідэальнай схемы, пры якой мы будзем мець максімальна поўную інфармацыю. Таму праваабаронцы (розныя супольнасці) спрабуюць знайсці і намацаць нешта, што працуе”.

На сайце ініцыятывы ёсць магчымасць адлюстроўваць некаторыя выпадкі рэпрэсій ананімна.

“Вядома, ананімныя справы выклікаюць менш даверу, а няпоўнымі данымі можна маніпуляваць, але гэтае рашэнне мы прымалі, зыходзячы выключна з атмасферы страху, якая пануе, і рэгулярнага запалохвання людзей сілавікамі”.

Ананімнасць не ўплывае на тэрмін і ўмовы ўтрымання людзей, але аргументы праваабаронцаў не заўсёды аказваюцца мацнейшымі за працу цэлай сістэмы.

“Ананімнасць дазваляе людзям паведаміць пра справу і ведаць, што праваабаронцы ўсё зафіксавалі і што іх блізкі чалавек не застаецца па-за межамі ўсіх працэсаў. Для нас важна захоўваць гэты кантакт з нашай аўдыторыяй і з тымі, каму мы дапамагаем”.

Праваабаронца лічыць, што чым шырэйшы набор інструментаў, праз якія атрымліваецца інфармацыя пра рэпрэсіі, тым больш выразнай становіцца агульная карціна, хай і з пэўнымі хібамі.

“Але пры гэтым захоўваецца сітуацыя, калі публічнасць не ўплывае на ўмовы ўтрымання, а кожны кейс з’яўляецца сведчаннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Закрыць спісы палітвязняў? Што адказалі праваабаронцы на ідэю Вольгі Такарчук
Вызваленыя і высланыя з Беларусі палітвязні каля амбасады ЗША ў Вільнюсе, 11 верасня 2025 года / LookByMedia

Як усе могуць бачыць, нават пасля вызвалення людзі з непублічных спраў выкарыстоўваюцца прапагандай і сілавікамі для выяўлення сетак дапамогі, а таксама падвяргаюцца далейшым рэпрэсіям. Застаецца толькі адзін нюанс — ніхто пра гэта не ведае”.

Юрыст “Вясны” Павел Сапелка лічыць, што публічнасць спіса палітвязняў — важны інструмент у працы праваабаронцаў. У праваабарончага цэнтра ёсць свой публічны спіс і свая метадалогія падліку палітвязняў.

“Калі мы гаворым проста пра сотні ці тысячы палітвязняў, рэпрэсіі ператвараюцца ў абстрактную статыстыку. Але за кожнай лічбай стаіць канкрэтны чалавек, яго гісторыя, яго лёс. Менавіта твары і гісторыі рэпрэсаваных дапамагаюць паказаць рэальны маштаб таго, што адбываецца, і не дазваляюць грамадству ўспрымаць рэпрэсіі як нешта нармальнае або звыклае”.

Улады і прапаганда пастаянна спрабуюць паставіць пад сумнеў рэальныя маштабы палітычных рэпрэсій. Калі знікнуць канкрэтныя імёны і гісторыі, будзе значна прасцей сцвярджаць, што праблема перабольшана або што гэтых людзей увогуле не існуе.

Па словах Сапелкі, неабходнасць існавання такіх публічных спісаў палітвязняў абумоўлена некалькімі прычынамі.

Першая — само па сабе прызнанне чалавека палітвязнем не з’яўляецца падставай для ціску, жорсткага абыходжання або катаванняў.

“Дзяржава і без таго выдатна ведае, каго яна пераследуе па палітычных матывах. Многія людзі сутыкаюцца з катаваннямі, бесчалавечным абыходжаннем і ціскам яшчэ да таго, як атрымліваюць статус палітвязня, а часам і зусім без такога прызнання”.

Другая — у сучасным свеце схаваць інфармацыю практычна немагчыма.

“Як бы беларускія ўлады ні спрабавалі засакрэціць рэпрэсіі, імёны затрыманых і асуджаных усё роўна становяцца вядомымі. Нярэдка праваабаронцы даведваюцца пра такіх людзей раней за СМІ, але рана ці позна гэтая інфармацыя ўсё адно з’яўляецца ў публічнай прасторы. Таму нават калі праваабарончыя арганізацыі адмовяцца ад адкрытых спісаў, імёны палітычна пераследаваных людзей нікуды не знікнуць”.

Пры гэтым публічнасць не з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання дапамогі.

“Калі чалавек або яго сваякі просяць не раскрываць інфармацыю, мы паважаем гэты выбар. Існуюць розныя фарматы ўзаемадзеяння. Мы можам атрымліваць звесткі пра рэпрэсіі, выкарыстоўваць іх для ўнутранага ўліку, статыстыкі і аказання дапамогі, не публікуючы даныя канкрэтнага чалавека. Ніхто не прымушае людзей станавіцца публічнымі і ніхто не «запісвае» іх у палітвязні супраць іх волі”.

Юрыст не лічыць, што закрыццё спісаў можа павысіць давер да праваабаронцаў і павялічыць колькасць зваротаў ад пацярпелых.

“Калі чалавек давярае праваабарончай арганізацыі і хоча паведаміць пра рэпрэсіі, ён можа зрабіць гэта ўжо цяпер, у тым ліку канфідэнцыяльна. Асноўная праблема часта заключаецца не ў недаверы да праваабаронцаў, а ў страху перад самой рэпрэсіўнай сістэмай. Людзі асцерагаюцца не таго, што праваабаронцы раскрыюць інфармацыю, а таго, што сляды перадачы гэтай інфармацыі могуць быць выяўлены сілавікамі”.

З досведу “Вясны” відаць, што колькасць зваротаў залежыць перадусім ад агульнай сітуацыі ў грамадстве. Напрыклад, калі адбываліся выпадкі вызвалення палітвязняў, многія сваякі сталі часцей звяртацца з просьбай зрабіць справы сваіх блізкіх больш заўважнымі і публічнымі, спадзеючыся такім чынам павялічыць іх шанцы на вызваленне.

Але ці ўплывае публічны статус палітвязня на ўзровень ціску ў месцах пазбаўлення волі? Сапелка кажа, што тут няма адназначнага адказу.

“Часам уплывае, часам не. Мы ведаем шмат выпадкаў, калі людзі падвяргаліся катаванням і жорсткаму абыходжанню яшчэ да прызнання палітвязнямі. Ёсць і такія зняволеныя, якіх праваабарончае супольніцтва па розных прычынах не прызнала палітвязнямі, але яны ўсё роўна знаходзяцца пад сур’ёзным ціскам”.

Больш за тое, існуюць выпадкі, калі чалавеку ствараюць асабліва цяжкія ўмовы ўтрымання менавіта па палітычных матывах ужо падчас адбывання пакарання. І тады ўзнікае пытанне пра прызнанне яго палітвязнем менавіта праз характар абыходжання з ім у калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.