Беларускі бензін амаль знік з таргоў Пецярбургскай біржы

Бензін, ілюстрацыйнае фота

Бензін, ілюстрацыйнае фота / ria.ru

Беларускі бензін амаль знік з таргоў Пецярбургскай біржы.

Яго продажы скараціліся ў дзясяткі разоў, заўважыла расійскае выданне "КоммерсантЪ". Так, 1-2 ліпеня ў дзень прадавалася больш за 7 тысяч тон такога паліва, а 6 ліпеня аб'ёмы скараціліся да 420 тон.

Аналітыкі мяркуюць, што беларускія НПЗ маглі проста распрадаць амаль усе ліпеньскія партыі паліва. А пасля таго, як на біржы ўвялі абмежаванні на рост цэн, пастаўшчыкі маглі перайсці на пазабіржавы рынак.

Напярэдадні стала вядома, што Пецярбургская біржа з 6 ліпеня вызначыла крок росту цаны на беларускае паліва ў памеры 0,01%. Атрымліваецца, таргі беларускім палівам сталі адбывацца на такіх жа ўмовах, як і расійскім.

Пры гэтым продажы беларускага бензіну на Пецярбургскай біржы ў чэрвені выраслі ў 3,6 разу ў параўнанні з леташнімі за той самы перыяд — да 90,9 тыс. тон. Сумарны аб'ём продажу бензіну на таргах скараціўся амаль на чвэрць — да 610,36 тыс. тон. Такім чынам, беларускае паліва склала амаль 15% прапановы на біржы.

Праблемы з бензінам у РФ пачаліся пасля атак украінскіх беспілотнікаў на расійскія НПЗ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.