Пад Кіевам знайшлі цела жанчыны, якую падазравалі ў арганізацыі выбуху ў Манака
Жанчына, якую падазраюць у замаху на Вадзіма Ермалаева / Інтэрпал
6 ліпеня позна ўвечары пад Кіевам знайшлі цела жанчыны, якую падазравалі ў замаху на ўкраінскага бізнэсоўца Вадзіма Ермалаева ў Манака.
Як адзначае hromadske.ua, цела было закапанае. Украінскія СМІ паведамляюць, што жанчыну застрэлілі. Паводле інфармацыі "Украінскай праўды", па гэтай справе ўжо затрымалі двух падазраваных. Адзін з іх — дзейны афіцэр Галоўнага ўпраўлення разведкі, другі — былы супрацоўнік праваахоўных органаў.
Раней Інтэрпал паведамляў, што ў арганізацыі выбуху ў Манака падазрае Анастасію Беразоўскую. 39-гадовую ўкраінку абвясцілі ў міжнародны вышук.
Выбух у жылым доме ў Манака адбыўся 29 чэрвеня. Ён быў скіраваны супраць украінскага алігарха Вадзіма Ермалаева, ураджэнца Дняпра. У 2021 годзе часопіс Forbes ацаніў яго дастатак у 220 мільёнаў долараў. Як адзначалі ў СБУ, з 2018 года Ермалаеў мае грамадзянства Кіпра, ён перарэгістраваў свой вінна-гарэлачны бізнэс у акупаваным Крыме паводле законаў РФ і плаціў падаткі ў расійскі бюджэт. За гэта ва Украіне супраць яго ўвялі санкцыі.