У Польшчу пераехаў былы палітвязень — чалец нацыянальнай зборнай па каратэ

Дзяніс Марусевіч

Дзяніс Марусевіч / @denis.marusevich2

Блогер-баксёр і былы палітвязень з'ехаў з Беларусі. Цяпер Дзяніс Марусевіч знаходзіцца ў Польшчы.

"А з'ехаў я па адной простай прычыне. Хто б мог падумаць — з-за правядзення вулічнага бокса. Мяне зноў пачалі дапытваць, складаць пратаколы. Аказваецца, у нас у краіне нельга збірацца больш чым удваіх нават дзеля вулічнай трэніроўкі. Плюс да ўсяго, многія ведаюць, за што раней я адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. І ўсё гэта ў сукупнасці падштурхнула мяне да думкі, што мне пара з'ехаць. Магчыма, у іншым месцы я буду больш патрэбны, буду трэніравацца, выступаць і перадаваць свае веды моладзі і падрастаючаму пакаленню", — расказаў ён у сацсетках.

Дзяніса Марусевіча затрымалі 11 верасня 2020 года за акцыю пратэсту, якая праходзіла 10 жніўня ў Брэсце. Яму прысудзілі 4 гады калоніі. Ён цалкам адбыў свой тэрмін. Марусевіча прызналі вінаватым ва ўдзеле ў "масавых беспарадках": нібыта ён кідаў з натоўпу кавалкі асфальту ў сілавікоў і замахнуўся нагой на міліцэйскую машыну. На волю ён выйшаў 13 красавіка 2024 года.

На старонку Марусевіча ў TikTok падпісана больш за 250 тысяч чалавек.

Дзяніс Марусевіч — майстар спорту па каратэ, рукапашным баі і армейскім рукапашным баі, быў чальцом нацыянальнай зборнай па каратэ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.