— У нас ва Уна такіх людзей няма, — кажа суразмоўца. — Па адрасе, які ўказаў гэты “Сяргей”, пражываюць зусім іншыя людзі — пажылыя дачнікі, але яны жывуць у нас пастаянна. Я ім патэлефанавала. Яны самі ў шоку.
Я кажу: “Можа, гэта нейкі ваш сваяк?” Адказалі: “Не, нават блізка не”.
Ды і сама я вёску добра ведаю. Няма там такіх людзей, і дзяцей у мяне там, ва Уна, таксама няма.
— Што будзеце рабіць? На гэтую гісторыю ў сацсетках ужо адрэагавала шмат людзей, нехта перавёў грошы.
— Мы паведамілі ў райвыканкам. У аддзеле ідэалогіі будуць рыхтаваць нейкі каментар.
У Лёзненскім райвыканкаме пацвердзілі, што “Сяргей” — ашуканец, і паабяцалі разабрацца з гэтай гісторыяй.
Перадгісторыя
Нагадаем, што раней карыстальнік Threads пад нікам @sergo.sergo1 апублікаваў пост, у якім сцвярджаў, што жыве ў вёсцы Уна, працуе ў мясцовай краме і пасля пералому нагі апынуўся ў цяжкім фінансавым становішчы. Ён распавядаў, што з цяжкасцю можа пракарміць дзяцей, а таксама прасіў дапамагчы з пошукам падпрацоўкі.
Гісторыя выклікала вялікі водгук сярод карыстальнікаў сацсеткі. Неўзабаве "Сяргей" напісаў, што да яго дадому прыязджалі незнаёмыя людзі з прадуктамі, салодкім, цацкамі і школьнымі прыладамі для дзяцей.
Праз нейкі час ён падзяліўся нумарам сваёй карткі. Некаторыя карыстальнікі трэдс пераводзілі яму грошы.
А іншыя былі ў захапленні ад таго, як беларусы гатовыя падтрымліваць адно аднога.
Аднак пазней у часткі аўдыторыі ўзніклі сумневы ў праўдзівасці гэтай гісторыі, у тым ліку адносна таго, што нехта сапраўды наведваў “Сяргея”. Паводле слоў адной з карыстальніц сацсеткі, яе каментарый з удакладняльнымі пытаннямі быў схаваны, а неўзабаве пасля гэтага старонка мужчыны ўвогуле знікла з сацыяльнай сеткі.