Беларус зламаў нагу, застаўся без падпрацовак і цяпер ледзь можа накарміць дзяцей
Беларуская салідарнасць / www.asterhospitals.in
Беларус з-пад Віцебска расказаў у Threads, як зламаў нагу, застаўся без падпрацовак і цяпер ледзь можа накарміць дачку і сына. Ужо праз чатыры гадзіны яму прывезлі салодкія ласункі і садавіну. А яшчэ праз пару гадзінаў — прадукты і канцылярыю для школы.
Сяргей жыве ў вёсцы Уно Лёзненскага раёна, працуе ў мясцовай краме і рэгулярна бярэ падпрацоўкі. "Чатыры месяцы таму ўпаў з будаўнічых лясоў, быў пералом нагі. Два месяцы не працаваў, суседзі дапамагалі ў асноўным. Цяпер амаль цалкам аднавіўся, але фінансава мне вельмі цяжка пасля бальнічнага, я не даю рады. Сады, камуналку аплачу — і застаецца толькі на хлеб з малаком", — апісвае сваю сітуацыю мужчына.
Найперш Сяргей папрасіў дапамагчы яму знайсці працу. Але не стаў хаваць, што і ад цёплага адзення, і ад грошай не адмовіцца — бо "сыну трэба набыць акуляры, ён на свае сеў няўдала. Я прыклеіў, вядома як магу, але доўга яны не пражывуць".
Зварот расчуліў карыстальнікаў трэдс далёка за межамі Беларусі. А праз некалькі гадзінаў у госці да Сяргея прыехаў мужчына з гасцінцамі для дзяцей і музычнай калонкай. Ён нават не хацеў называць сваё імя, але ў выніку сказаў, што яго завуць Мацвеем.
Яшчэ праз пару гадзінаў прыехала пара з Рудні — Алёна і Руслан. Яны прывезлі прадукты, цацкі і канцылярскія прылады.
"Адтайвае сэрца. Беларусы — вы неімаверныя!" — пішуць у каментарах.
А яшчэ — уздымаюць сур'ёзную праблему: "Мужчыне сорамна прасіць пра дапамогу... Прашу, давайце адменім гэтае ўяўленне. Давайце нармалізуем тое, што прасіць НЕ сорамна, калі ты ў гэтым маеш патрэбу. Незалежна ад гендара".