У Мазыры ўрачыста адкрылі дзіцячыя арэлі
Арэлі ў Мазыры / "Жыццё Палесся"
У Мазыры ўрачыста адкрылі... дзіцячыя арэлі ў гарадскім парку.
Газета райвыканкама паведаміла, што "новая гульнявая пляцоўка для дзяцей — вынік узаемадзеяння дэпутатаў, партыі, грамадскіх аб'яднанняў, камунальнай службы Мазыра", заўважыла выданне "Флагшток".
Адкрыццё арэляў у прысутнасці прэсы і масоўкі асабіста правёў старшыня Мазырскага райвыканкама Аляксандр Верамееў. Таксама на мерапрыемстве выступіла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Аксана Кавалькова, якую назвалі ініцыятаркай праекта.
"Я хачу сказаць вялікі дзякуй кожнаму, хто прыклаў руку, сэрца і душу да рэалізацыі праекта "Тэрыторыя дзяцінства": прадстаўнікам партыйнага актыву, актывістам нашых грамадскіх арганізацый, дэпутацкаму корпусу, моладзеваму савету і ўсім неабыякавым грамадзянам", — сказала Кавалькова.
Мясцовы праўладны блогер Лёша Астапенка выклаў відэа з адкрыцця. На ім відаць, што ў чырвона-зялёных колерах былі не толькі шарыкі на арэлях, але і касцюмы аніматараў.