На сераду абвясцілі аранжавы ўзровень — будуць парывы ветру да 24 метраў за секунду
Вецер, ілюстрацыйнае фота
У сераду, 8 ліпеня, у Беларусі чакаецца воблачнае надвор'е, удзень — з праясненнямі, паведамляе Белгідрамет.
Часам прагназуюць дажджы, месцамі — моцныя. Удзень у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Вецер будзе паўднёва-заходні, заходні ўмераны да парывістага. Уначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі чакаецца моцны парывісты вецер да 15-20 метраў за секунду. У асобных раёнах на захадзе Беларусі вецер будзе вельмі моцны парывісты — да 24 метраў за секунду. У Мінску парывы будуць да 15-18 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць ад +9 па захадзе да +16 градусаў па ўсходзе краіны. Удзень чакаецца 13-19 градусаў вышэй за нуль, у паўднёва-ўсходніх раёнах паветра прагрэецца да 22 градусаў цяпла.
У чацвер чакаецца пераважна воблачнае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, месцамі — моцныя. Удзень у асобных раёнах прагназуюцца навальніцы. Вецер будзе пераменных кірункаў парывісты, на захадзе месцамі — моцны парывісты. Уначы тэмпература паветра складзе 7-17 градусаў цяпла, удзень чакаецца +14...+20 градусаў.