У праграме новага ўрада Літвы засталося беларускае пытанне — дарадца Ціханоўскай

Міндаўгас Сінкявічус і Дзяніс Кучынскі

Міндаўгас Сінкявічус і Дзяніс Кучынскі / facebook.com/k.dzianis

6 ліпеня дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі ўпершыню сустрэўся з новым прэм'ер-міністрам Літвы Міндаўгасам Сінкявічусам. Падчас сустрэчы абмяркоўваўся далейшы ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымка беларусаў у літве. Пра гэта Кучынскі расказаў выданню "Зеркало".

Кучынскі падзякаваў прэм'еру Літвы за тое, што ў праграме новага ўрада застаецца беларускае пытанне: адной з найважнейшых мэтаў знешняй палітыкі Літвы называецца дэмакратычная і свабодная Беларусь. "Гэта сведчыць пра тое, што падтрымка Беларусі застаецца не часовым палітычным пытаннем, а адным з доўгатэрміновых дзяржаўных прыярытэтаў Літвы", — падкрэсліў Кучынскі.

У праграме новага ўрада гаворыцца пра намер аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі для вызвалення палітвязняў, спынення катаванняў, доступу да меддапамогі для палітвязняў, аднаўлення адвакацкіх ліцэнзій і забеспячэння рэальнага права грамадзян на прававую дапамогу.

Таксама новы літоўскі ўрад плануе ўзмацняць ізаляцыю і ціск на рэжым, "калі Беларусь працягне падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны або будзе ўдзельнічаць у гібрыдных атаках супраць Еўрапейскага Саюза ці Украіны".

Кучынскі падкрэсліў, што Офіс Ціханоўскай "разлічвае на пераемнасць прынцыповай палітыкі Літвы ў дачыненні да Беларусі і працяг цеснага супрацоўніцтва ў інтарэсах як беларускага народа, так і бяспекі і стабільнасці ўсяго нашага рэгіёна".

Новым прэм'ер-міністрам Літвы стаў 30 чэрвеня лідар сацыял-дэмакратаў Міндаўгас Сінкявічус. Яго кандыдатуру ўхваліў Сейм краіны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.