Мяжу Латвіі з Беларуссю дапамогуць ахоўваць літоўцы
Літва дапаможа Латвіі ахоўваць мяжу з Беларуссю / vsat.lrv.lt
Дзевяць літоўскіх памежнікаў будуць ад 1 ліпеня дапамагаць латвійскім калегам ахоўваць мяжу з Беларуссю. Іх місія разлічаная на два тыдні, паведамляе прэс-служба літоўскіх памежнікаў. Сярод камандзіраваных — два кінолагі са службовымі сабакамі.
Плануецца, што яны будуць займацца маніторынгам мяжы, прадухіленнем нелегальнай міграцыі з Беларусі на найбольш праблемных участках у каардынацыі з латвійскімі калегамі.
Адзначаецца, што Латвія апошнім часам адчувае ўзмоцнены ціск неўпарадкаванай міграцыі з боку Беларусі.
Мяжа Латвіі з Беларуссю — 173 км, што ў чатыры разы менш, чым беларуска-літоўскі ўчастак. Але ўжо сёлета латвійскія памежнікі спынілі 6681 спробу нелегальна перасячы мяжу — гэта ў 7,7 разу больш, чым спробаў трапіць з Беларусі ў Літву (869 мігрантаў).
За 30 чэрвеня на беларуска-латвійскім участку мяжы было зафіксавана 68 спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Пры гэтым на літоўскім участку такіх спробаў не было зусім.