Навальніцы, залевы і шквалісты вецер — аранжавы ўзровень небяспекі ў чацвер у Беларусі
У Беларусі прагназуюць залевы / pexels.com
У чацвер, 2 ліпеня, у Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, паведамляе Белгідрамет.
На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, месцамі — моцныя залевы, удзень магчымы град. Вецер уначы будзе няўстойлівы слабы, удзень — паўднёвы з пераходам на паўночна-заходні ўмераны, пры навальніцах — парывісты, месцамі прагназуецца шквалістае ўзмацненне ветру да моцнага парывістага, 15-20 метраў за секунду. Сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 15-21 градус вышэй за нуль. Удзень паветра прагрэецца ад +21 градуса па паўночным захадзе да +33 градусаў па паўднёвым усходзе.
У Мінску чакаецца навальніца, удзень пры навальніцы месцамі — шквалістае ўзмацненне ветру.
3-4 ліпеня прагназуецца паслабленне спякоты. Удзень у пятніцу на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Уначы тэмпература складзе 10-16 градусаў цяпла, па паўднёвым усходзе чакаецца да +20 градусаў. Удзень прагназуецца 20-27 градусаў вышэй за нуль.