Мінчук прадаваў квіток у тэатр за бананы — ім зацікавілася падатковая

Бананы, ілюстрацыйнае фота

Бананы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Мінчука выклікалі ў падатковую інспекцыю, бо ён прадаваў квіток у тэатр за... бананы. Гісторыю незвычайнага аўкцыёну заўважыла выданне "Моцныя навіны".

Мінчук Сяргей вырашыў правесці ў сацсетках незвычайны аўкцыён. На сваёй старонцы ў Threads ён выставіў на продаж квіток у Тэатр лялек на пастаноўку "Мроіва": "Аўкцыён!!! Тэатр Лялек. Першая стаўка: намінал + 2 бананы. Хто пераб'е?"
 
У каментарах яму сталі прапаноўваць павышэнне ставак. Да бананаў прапаноўвалі бутэльку каньяку, банку ікры і пакет з воблай, шакаладкі, ананас з кавуном і нават пацалунак. Тэатр лялек на сёння ці не самы папулярны ў Мінску, і квіткі туды разлятаюцца як гарачыя піражкі.

Аднак некаторыя абурыліся і заявілі, што гэта "патыхае незаконным прадпрымальніцтвам". Нехта паскардзіўся на мінчука ў падатковую, як расказаў Сяргей у сваім наступным пасце: 
 
"Выклікалі ў падатковую. Сяджу тут, пішу тлумачэнне інспектару ў сувязі з тым, што на мяне паступіла заява аб перапродажы квіткоў у тэатр за бананы. Літаральна мяне выклікалі за продаж квіткоў за бананы".
 
Дарэчы, раней мінчук паспеў правесці яшчэ адзін аўкцыён — і таксама з тэатральным квітком. Там у дадатак да кошту квітка ён прасіў дадаць два тваражкі.

Фармальна, яго сапраўды могуць абвінаваціць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці за перапродаж квіткоў з нацэнкай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.