За пяць гадоў колькасць першакласнікаў у Беларусі зменшылася амаль на траціну
Школа, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Сёлета 1 верасня ў беларускія школы пойдуць каля 82 тысяч першакласнікаў. Такую лічбу назвала прадстаўніца Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Як падлічыў "Белсат", гэта на 36 тысяч менш, чым было ў 2021 годзе. Тады ў першыя класы школы пайшлі 118 тысяч дзяцей.
Прыём дакументаў у першыя класы пачаўся ў Беларусі 12 чэрвеня. Штогод колькасць першакласнікаў змяншаецца.
Дарэчы, колькасць дашкольнікаў у Беларусі таксама зніжаецца — і нават хутчэй, чым колькасць першакласнікаў. Паводле звестак Белстату, у 2021/2022 навучальным годзе ў Беларусі было 405,5 тыс. дашкольнікаў. У 2025/2026 навучальным годзе іх стала ўжо на 84,5 тыс. менш – 321 тыс. чалавек.
Тлумачыцца гэта, верагодна, не толькі ўстойлівым зніжэннем нараджальнасці ў краіне, але і масавай эміграцыяй пасля 2020 года.