Кіраўніца "Камволя" заявіла, што беларусы мала працуюць
Таццяна Лугіна / ctv.by
Беларусы мала працуюць. Ды яшчэ і "не кожны да канца разумее, у якім шчасці мы жывем, працуючы па восем, а то часам і менш гадзінаў". Былая кіраўніца "Беллегпрама", а цяпер гендырэктарка ААТ "Камволь" Таццяна Лугіна заявіла пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ.
У прыклад беларусам яна прывяла індусаў, якія, як ёй сказалі, працуюць па 12 гадзінаў. Паводле Лугінай, у лютым яна прапанавала партнёру з Індыі даць ёй на год-два некалькіх прадзільшчыкаў, але ён адмовіў: "У вас працуюць марудна, я не хачу, каб мае людзі запаволілі тэмп".
Гэта і прымусіла чыноўніцу "задумацца пра праўду жыцця". Аказваецца, у тым, што "Камволь" не можа працаваць рэнтабельна, вінаватыя не дрэнныя менеджары, а нетаропкія работнікі!
"Калі мы прыходзім на працу, мы спачатку пап'ем гарбату, раскажам суседцы, як мы заквасілі капусту, — скардзіцца Лугіна. — А на працы як мінімум хаця б восем гадзінаў трэба працаваць. Я ўсім кажу, працуем мы шмат часам не таму, што кіраўнікі прымушаюць застацца, у суботу выйсці. Мы проста нават 8 гадзін часам не адпрацоўваем. Інтэнсіўна, напружана, засяроджана, уважліва!"
Раней Лугіна ваявала з сэканд-хэндамі, якія, паводле яе, перабівалі пакупнікоў у беларускіх вытворцаў вопраткі.