Для вырабу снарадаў для Расіі беларускі ўрад выбіваў расійскі крэдыт

Лукашэнка наведвае "Легмаш" у траўні 2024-га

Лукашэнка наведвае "Легмаш" у траўні 2024-га / president.gov.by

Беларускі ўрад хацеў вырабляць снарады для Расіі за кошт расійскага ж крэдыту. Гэта вынікае з дакументаў, якія трапілі ў арганізацыю былых сілавікоў BELPOL.

У прыватнасці, апублікаваная "Даведка аб праблемных пытаннях па ўзаемадзеянні з Расійскай Федэрацыяй", падпісаная намеснікам міністра прамысловасці Казловым. Дакумент з'явіўся пры канцы 2022 года (у ім згадваюцца лісты ў Мінабароны РФ ад 29 лістапада 2022-га).

З гэтай даведкі бачна, што ўрад Беларусі выбівае расійскі крэдыт, каб наладзіць вытворчасць дэталяў рэактыўнага снарада калібра 122 мм на аршанскім заводзе "Легмаш" і артылерыйскага снарада калібра 152 мм на Мінскім падшыпнікавым заводзе. Пры гэтым плануецца, што дзяржзаказ на дэталі да боепрыпасаў будзе дзейнічаць мінімум пяць гадоў.

Дарэчы, пастаўка дэталяў рэактыўных снарадаў аказалася выгаднай. Заняпалы завод "Легмаш" цяпер пашырае свае вытворчыя плошчы.

Таксама з дакумента вынікае, што беларускія чыноўнікі настойліва прапаноўвалі Міністэрству абароны РФ закупляць беларускія МАЗы. Гэта таксама атрымалася: ёсць шмат сведчанняў таго, як беларускія аўтамабілі выкарыстоўваліся ў зоне баявых дзеянняў.

Для вырабу снарадаў для Расіі беларускі ўрад выбіваў расійскі крэдыт
Даведка, здабытая Белполам

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.