Бабёр пакінуў кобрынцаў без інтэрнэту
Пашкоджанне кабеля / Брэстэнерга
Адзін з раёнаў Кобрына застаўся без інтэрнэту праз незвычайнага парушальніка, паведамляе "Брэстэнерга".
Сеткавы провад, які належыць Кобрынскім раённым электрасеткам, вырашыў пакаштаваць на зуб... бабёр.
Кабель атакі не вытрымаў. А вось жывёла, як сцвярджаюць электрыкі, засталася жывой і здаровай. Пасля рызыкоўнай "дэгустацыі" бабёр спакойна паплыў далей па сваіх справах.
Спецыялісты кабельнай групы філіяла "Энергатэлекам" ужо аднавілі сувязь.