Кандытарскія вырабы, пратэрмінаваныя на 3 месяцы, прадавалі ў Буда-Кашалёўскім раёне
У буда-кашалёўскіх крамах прадавалі пратэрмінаваныя прадукты / t.me/kgk_oficial
Камітэт дзяржкантролю праверыў сем крамаў у сельскіх населеных пунктаў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельшчыны. Паведамляецца, што праверкі выявілі розныя парушэнні.
Напрыклад, у краме аграгарадка Камунар прадавалася чатыры найменні кандытарскіх вырабаў з з пратэрмінаванай прыдатнасцю. Прычым пратэрміноўка дасягала трох з паловай месяцаў. На прылаўку гэтай жа крамы праверка выявіла пірожныя і пончыкі без неабходнай інфармацыі пра дату вырабу і тэрміны прыдатнасці.
У краме аграгарадка Дуравічы на шакаладных батончыках былі сцёртыя даты вырабу і тэрміны прыдатнасці.
Таксама ў правераных крамах, як выявіў Дзяржкантроль, пакупнікам не давалі неабходную інфармацыю пра гародніну і садавіну — пра дату вытворчасці і тэрміны прыдатнасці, вытворцу або імпарцёра. Не было ў крамах цэннікаў на некаторыя тавары і кантрольных вагаў, прадаваліся пацямнелыя бананы і пажоўклыя агуркі.
Пасля праверкі недабраякасная прадукцыя канфіскаваная з продажу. На парушальнікаў пачалі адміністрацыйны працэс.