“Пасяджу ў турме спакойна”? Як лепш (не) адгаворваць знаёмых ад паездкі ў Беларусь

Бацькі ўсё разумеюць

Бацькі ўсё разумеюць / Euroradio / ChatGPT

Беларуска ў Threads просіць адгаварыць яе ад паездкі на Радзіму:

“Эмігравала яшчэ ў 2016 годзе. У 2020-м сёе-тое вытварыла, і пасля гэтага не магу прыехаць у Беларусь. У моманты адчаю (я тут адна, зусім адна) думаю: а можа — ну яго, пасяджу ў турме спакойна, затое пабачу сям’ю”.

Карыстальнікі сацсеткі рэагуюць на просьбу па-рознаму: адны распавядаюць страшныя гісторыі пра сваіх знаёмых, якія паехалі і трапілі за краты, другія — пра невыносныя ўмовы ў турмах, нехта нагадвае: “ніводны бацька ці маці не пажадае свайму дзіцяці прайсці праз гэта дзеля таго, каб пабачыцца з імі”.

А як адгаворваць правільна і чаму праз гады пасля пераезду ідэя з’ездзіць дадому ў многіх становіцца ўсё больш неадчэпнай?

Пра гэта Еўрарадыё пагаварыла з псіхалагіняй і спецыялісткай па метадзе КПТ Ліліяй Хедзінай.

“Посижу в тюрьме спокойно”? Как лучше (не) отговаривать знакомых от поездки в Беларусь
Лілія Хедзіна / Асабісты архіў

Чаму нас цягне ў Беларусь

— Пасля пераезду большасць з нас заняты вырашэннем новых задач: афармляем дакументы, шукаем і абсталёўваем жыллё, уладкоўваемся на працу або адаптуем ранейшую працу да новых умоў. Мы асвойваем новыя маршруты, прывыкаем да іншай валюты і правілаў. Здаецца, што хутка ўсё ўладкуецца, стрэс пройдзе, і жыццё наладзіцца.

Але калі пытанні выжывання вырашаны, прыходзіць усведамленне страты і разуменне таго, што ранейшага жыцця ўжо не будзе. Нават калі ўсё стабільна, для сапраўднай асіміляцыі могуць спатрэбіцца гады. У гэтым дыскамфорце псіхіка пачынае ўспамінаць, дзе было спакайней і больш зразумела: мова, святло ліхтароў (утульнае жоўтае святло вячэрняга Мінска — гэта мой асабісты боль), пахі, знаёмыя дамы, двары, звыклыя сацыяльныя коды і, вядома, родныя людзі.

Родны дом у эміграцыі становіцца не проста месцам на карце, а сімвалам ранейшай версіі сябе — там блізкія людзі, знаёмыя месцы і ролі, там свая ціхая гавань. Чым больш складаныя цяперашнія цяжкасці, тым мацней ідэалізуецца мінулае. У галаве ўзнікаюць вобразы: мама на кухні, сябры на знаёмых вуліцах, родныя сцены, пачуццё прыналежнасці. Псіхіка спрабуе знайсці выйсце з дыскамфорту і часта ігнаруе тую небяспеку, праз якую чалавек з’ехаў або не можа вярнуцца.


Чаму пачынае здавацца, што дома лягчэй

Фраза “а можа, пасяджу ў турме спакойна, затое пабачу сям’ю” можа здацца вар’яцкай, але з псіхалагічнага пункту гледжання яна зразумелая і нават лагічная ва ўмовах працяглага стрэсу. Гэта не заўсёды свядомы намер, асабліва калі ўлічыць спецыфіку сацсетак кшталту Threads, дзе часта сустракаецца клікбейт. Шчыра кажучы, я чула такія думкі і ад кліентаў, і ад блізкіх людзей.

“Навошта тут змагацца і пакутаваць без гарантыі поспеху? Можа, лепш вярнуцца, перацярпець год і зноў апынуцца ў звыклым асяроддзі?”

Звычайна такія думкі ўзнікаюць ад роспачы, адзіноты і звужанага ўспрымання сітуацыі. Калі чалавеку вельмі цяжка і самотна, мозг перастае ацэньваць доўгатэрміновыя наступствы і шукае не найлепшае рашэнне, а любы спосаб спыніць невыносны стан. Так і ўзнікае гэтая думка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.