“Трывожнасць у беларусаў проста зашкальвае”: як уратаваць ментальнае здароўе

Часта беларусы шукаюць развязанне праблем на дне бутэлькі

Часта беларусы шукаюць развязанне праблем на дне бутэлькі / instagram/@rubanau_collage

Беларусы з пачатку 2020 года жывуць у напружанні і нявызначанасці. Гэта сур'ёзна адбіваецца на псіхічным стане і фізічным здароўі.

Еўрарадыё даведалася ў спецыялістаў, з якімі праблемамі сутыкаюцца людзі і як з гэтым справіцца.

 

Праз сітуацыю ў свеце могуць быць праблемы са здароўем?

Беларусаў і ў краіне, і за мяжой часта аб'ядноўвае адно — стан нявызначанасці, лічаць апытаныя эксперткі. На гэта накладаюцца перажытыя траўмы і іншыя праблемы. Калі стрэс доўжыцца доўга, могуць з'явіцца сур'ёзныя дыягназы, кажа псіхолаг Анастасія (імя змененае).

Так адбываецца, бо пачуццё бяспекі страчанае. Гэта цягнецца з пачатку 2020 года, яшчэ з кавіду, і адна гісторыя наклалася на іншую. Акрамя таго, што ўнутры краіны існуе пагроза, ёсць яшчэ яркія фантазіі, напрыклад, пра ядзерную вайну. Людзі ўвесь час жывуць у страху, і гэта ўплывае на стан псіхікі.

"Тревожность у белорусов просто зашкаливает": как спасти ментальное здоровье
Праблемы беларусаў абвастрыліся яшчэ тры гады таму / pexels.com

Агульныя праблемы ў грамадстве ўсё ж не азначаюць аднолькавыя праблемы ў людзей, кажа Яўгіння.

Дзе тонка, там і рвецца. Калі чалавек схільны да дэпрэсіі, хутчэй за ўсё, яна і будзе адказам на доўгае псіхічнае напружанне. Калі ў чалавека гастрыт, ён можа абвастрыцца і нават з’явіцца язва. Калі б я вылучала агульныя тэндэнцыі, то гэта можа быць трывога, дэпрэсія, абвастрэнне больш цяжкіх псіхічных захворванняў, аж да самагубства, падвышэнне агульнай агрэсіўнасці, псіхасаматычныя разлады, хімічныя і нехімічныя залежнасці. Усё гэта мы з калегамі назіраем з пачатку 2020 года.

Анастасія кажа, што вельмі распаўсюджаны спосаб для беларусаў выходзіць з нежаданых станаў, зніжаць трывогу — гэта алкаголь.

Асабліва гэта тычыцца тых, хто перажыў турэмнае зняволенне. Людзі п'юць і паўгода, і год. Хтосьці рэальна пачынае адчуваць залежнасць, больш моцныя духам з гэтым спраўляюцца. Але ў цэлым трывожнасць проста зашкальвае. І я кажу не толькі пра сваіх кліентаў.

 

Як зразумець, што нешта пайшло не так?

Калі вы заўважаеце, што ў вашага блізкага змяніўся характар, напрыклад, з’явілася больш асцярожнасці, адчувальнасці або ўспышкі гневу, якія не кантралююцца, то варта занепакоіцца. Калі вас саміх не радуе тое, што прыносіла задавальненне раней, — гэта таксама сігнал, які кажа пра праблемы.

"Тревожность у белорусов просто зашкаливает": как спасти ментальное здоровье
Спачатку падумайце пра свой стан / pexels.com

1. Клапаціцеся пра сябе

Гэтыя словы ўжо навязлі ў зубах і трохі асацыююцца з інфацыганамі, але гэта насамрэч важна. Рабіце для сябе штосьці прыемнае, — кажа Яўгіннія. — Складзіце два спісы. У адным ўсё, што вам прыносіць задавальненне, а ў другім — усё, што вы дакладна добра ўмееце рабіць. Гэта можа быць нешта, што вам здаецца нязначным. Напрыклад, вы дакладна добра мыеце посуд, чысціце зубы, паліваеце кветкі. У кожным спісе — не менш за дзесяць пунктаў. І рабіце кожны дзень хаця б па тры пункты. То-бок тры рэчы, якія вас радуюць, і тры рэчы, у якіх вы кампетэнтныя. Гэта дасць вам апору і хаця б трохі задавальнення.

 

2. Ацаніце абстаноўку проста цяпер

Часта я раю людзям, якія знаходзяцца ў небяспецы: у гэты самы момант паглядзіце ўверх, уніз, па баках. Ці непасрэдна цяпер вам нешта пагражае? У гэтую  хвіліну? Паспрабуйце ўсвядоміць, што цяпер вы ў бяспецы. Я разумею, што праз паўгадзіны можа нават прагучаць сірэна, але цяпер ніхто да вас не падыходзіць, вашы ногі стаяць на падлозе, вы сядзіце на стуле, вы спакойна дыхаеце — і цяпер усё добра.

Калі мы знаходзімся ў пастаянным стрэсе, важна заўважыць, што менавіта ў гэты момант пагрозы няма. І тады ўжо можна нешта планаваць, адэкватна разумець, якая рэальная пагроза існуе.

 

3. Магній-В6, а не алкаголь

Перад ужываннем прэпаратаў варта здаць аналізы і пракансультавацца з лекарам, але магній-В6 — гэта падтрымка арганізма падчас стрэсу, адзначае Анастасія.

Гэта лепш, чым алкаголь. Алкаголь трэба прыбраць. Таму што ён расхіствае нервовую сістэму і ўзмацняе трывожнасць. Першы глыток — гэта ілюзія, што нам робіцца лягчэй.

 

4. Сон, ежа і рух

Паклапаціцеся пра сваё здароўе. Трэба наладзіць сон, харчаванне, увесці ў звычку прагулкі на свежым паветры. Абавязкова павінна быць нейкая фізкультура, хоць дынамічная прагулка, хоць невялікая зарадка. Гэта дапамагае чалавеку знізіць трывожнасць і адчуць кантакт са сваім целам. Калі вы будзеце для прафілактыкі займацца сваім целам, то ў будучыні з больш сур'ёзнымі выпрабаваннямі будзе лягчэй справіцца, — кажа Анастасія.

 

5. Будуйце планы

Пабудова планаў вельмі падтрымлівае псіхіку. Можна маляваць, што мы хочам убачыць праз паўгода, праз год свайго жыцця. Ці рабіць калажы індывідуальна альбо з сям'ёй, у коле сяброў, — працягвае псіхолаг.

 

6. Выказвайце пачуцці і прымайце іншых

"Тревожность у белорусов просто зашкаливает": как спасти ментальное здоровье
Падтрымайце тых, хто побач, і не саромейцеся звяртацца па дапамогу / pexels.com

Калі вы турбуецеся за блізкага, не пасаромейцеся пра гэта сказаць, раіць Анастасія.

Так і кажаце: “Я бачу, што ты не ў парадку, я трывожуся, давай звернемся да спецыяліста”. Пры гэтым адвесці за ручку, на жаль, свайго блізкага чалавек не можа, калі гэта не падлетак. У мяне, напрыклад, вельмі шмат кліентаў-падлеткаў, якіх прыводзяць бацькі. І ў іх аналагічныя сімптомы, як у дарослых. А дарослы чалавек павінен убачыць праблему і захацець з ёй працаваць.

Што дапамагае яшчэ — максімальнае прыняцце чалавека ў яго стане. Не трэба адкідваць блізкіх у неўласцівых для іх праявах. Проста ўвесь час трэба трымаць у галаве, што цяпер чалавек хворы. Трэба быць асцярожным, чалавечным, уважлівым. І пры гэтым вельмі важна клапаціцца аб уласным псіхаэмацыйным стане. Бывае так, што людзі трапляюць у эмацыйную сузалежнасць. Тады можна траўмавацца аб траўмаванага блізкага.

 

7. Знаходзьце нагоды для радасці

Анастасія рэкамендуе заўважаць і дазваляць сабе звычайныя рэчы, якія прыносяць станоўчыя эмоцыі.

Калі здаецца, што ўсё-ўсё дрэнна, трэба правяраць, а ці так гэта. Весці, напрыклад, дзённік саманазірання і некалькі разоў на дзень спраўджваць, а як я цяпер? Што я адчуваю, якія эмоцыі, якія адчуванні ў целе? Калі дрэнна, то падумаць, што можа мне дапамагчы. Кубак кавы ці званок сябру ці пагартаць у Instagram прыгожыя карцінкі. Гэта таксама класна, каб быў прыемны бяспечны візуал.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі