1000-годдзе Літвы адзначаюць у Беларусі на выставе "Міленіўм"

Мастацкая выстава "Міленіўм" адкрылася ў мінскім Палацы мастацтва 22 кастрычніка. У экспазіцыі дэманструецца каля тысячы твораў выяўленчага мастацтва больш за 300 аўтараў. Прысвячаецца яна 1000-годдзю летапіснай Літвы. Міленіўм Літвы — наша агульнае свята з суседнімі народамі, з якімі ў беларусаў адна гісторыя, нагадвае "Хартыя'97". Кіраўнік творчага аб'яднання "Пагоня", якое выступіла ініцыятарам выставы, Аляксей Марачкін адзначыў, што "Міленіўм" зроблены выключна намаганнямі беларускіх мастакоў. Міністэрства культуры не ўклала ў экспазіцыю ні капейкі.

"Навогул-то гэтая выстава праводзіцца сумесна з Міністэрствам культуры. Спачатку мы хацелі яе назваць "Да 1000-годдзя летапіснай Літвы". Аднак у Мінкульце палічылі, што слова "Літва" лепш выключыць з назвы. Не ведаю, як гэта ацэньваць: можа быць, улады выказваюць асцярогу, або не жадаюць пакрыўдзіць суседа… Але на адкрыцці выставы я не ўбачыў ні аднаго прадстаўніка Міністэрства культуры. Калі нават яны былі, ніхто з іх не папрасіў словы. Выстава зробленая без якой-небудзь дапамогі беларускіх улад", — канстатаваў Марачкін. Затое на адкрыццё прыйшлі прадстаўнікі замежных амбасадаў — Літвы, Швецыі, ЗША.

Да юбілейнай даты Беларускі саюз мастакоў заснаваў памятны медаль. Яго атрымалі шэраг выбітных дзеячаў беларускай культуры, у тым ліку пісьменнікі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Ніл Гілевіч, музыка Віктар Скорабагатаў, мастакі Гаўрыла Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Уладзімір Басалыга, Міхась Басалыга, Уладзімір Вішнеўскі, а таксама пасмяротна Міхась Раманюк і Яўген Кулік.

Выстава будзе адчыненая да 15 лістапада. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі