14:10 У Ганцавічах фуражыра аштрафавалі за прыпіскі

У Ганцавічах амаль на мільён рублёў аштрафавалі фуражыра адной з гаспадарак раёну за прыпіскі. Падрабязнасці паведамляе наш карэспандэнт Алесь Літоўчык: «Штрафам у памеры 30 базавых велічынь пакараў суд Ганцавіцкага раёна фуражыра СВК «Дзяніскавічы» за фіктыўныя дадзеныя, занесеныя ў справаздачную дакументацыю ў мінулым годзе.

На працэсе, які адбыўся днямі, было агучана, што фуражыр пазначыла мінулай восенню ў паперах факт атрымання работнікамі СВК 527 тон сена. Між тым, столькі сена ў гаспадарцы на той момант увогуле не было.

Несапраўдныя службовыя ведамасці фуражыр здала ў бухгалтэрыю, хаця подпісаў людзей, якія, нібыта, атрымалі кармы, у дакументах не было. Службовы падлог выявілі супрацоўнікі Дзяржкантролю, якія праводзілі праверку гаспадаркі.

Суд улічыў, што жанчына прызнала сваю віну, раскаялася, што ў яе добрыя характарыстыкі з месца працы і прызначыў ёй адносна невялікае пакаранне — штраф у памеры 930 тысяч рублёў.

Дарэчы, старшыня калгаса, па ўказанню якога дзейнічала фуражыр, нават не прыйшоў на судовы працэс».

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі