21 лютага першы этап II Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, адбудзецца першы этап II Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. Ён запрасіў усіх, хто любіць нашу мову, прыйсці ў Палац мастацтва, дзе ў 14.00 21 лютага распачнецца дыктоўка.
Летась акцыя адбылася ў Беларусі, а таксама ў замежжы і была прымеркаваная да 90-х угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. "Дыктоўка паказала, што ёсць вельмі шмат людзей па ўсім свеце, якія хочуць чытаць і пісаць па-беларуску і хочуць быць прадстаўнікамі менавіта беларускай, а не якой іншай нацыі", — зазначыў А.Трусаў.

Сёлета ТБМ прапануе правесці дыктоўку ў тры этапы. Першы адбудзецца 21 лютага, калі ва ўсім свеце у адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА ў дзесяты раз будзе адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы. Другі этап акцыі пройдзе 15 сакавіка і будзе прымеркаваны да дня першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, трэці — запланаваны на 25 сакавіка, да 91-х угодкаў БНР.

"Я хацеў бы перш-наперш звярнуцца да айчынных настаўнікаў — выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, бо правядзенне дыктоўкі адносіцца да сферы іх прафесійнай дзейнасці. Было б добра, калі б гэтую дыктоўку яны правялі на сваіх занятках. А тэксты мы даем два на выбар: мінулагодні (прадмова да зборніка "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча) і новы ("Родная мова" паводле Уладзіміра Караткевіча)", — сказаў А.Трусаў.

Паводле яго слоў, праверку дыктоўкі і вызначэнне пераможцаў будуць праводзіць мясцовыя структуры ТБМ. Імёны пераможцаў з дакладным адрасам, фотаздымкам і кароткай біяграфіяй А.Трусаў просіць дасылаць у сядзібу ТБМ (220034, Мінск, вул. Румянцава, 13) для адмысловай публікацыі ў газеце "Наша слова" і ўзнагароджання.

Ён выказаў спадзяванне, што напісанне ў лютым і сакавіку Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі стане штогадовай традыцыяй і ў ім будуць браць удзел усё больш людзей.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі