21 студзеня прадпрымальнікі зноў збіраюцца выйсці на Кастрычніцкую плошчу

Індывідуальныя прадпрымальнікі збіраюцца арганізаваць на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску чарговы мітынг пратэсту. Ён быў прызначаны ўдзельнікамі папярэдняй акцыі на 12 гадзінаў 21 студзеня. Аднак ужо дзесяць дзён улады спрабуюць сарваць мітынг прадпрымальнікаў і праводзяць прэвентыўныя арышты. За кратамі цяпер знаходзіцца каля 50 чалавек.

У суботу каля турмы на вуліцы Акрэсціна ў Мінску былі затрыманыя 6 моладзевых актывістаў. Іх збіраюцца судзіць у панядзелак.

21 студзеня ў Гомелі і Светлагорску будуць судзіць затрыманых у пятніцу актывістаў прадпрымальніцкага руху, Аляксандра Рубчэню і Анатоля Змітровіча адпаведна. Змітровіч за кратамі абвесціў галадоўку пратэсту.

Шэраг актывістаў прадпрымальніцкага руху і апазіцыйных арганізацый атрымалі позвы на 21 студзеня. Яны мяркуюць, што іх збіраюцца затрымаць, прынамсі, на час правядзення акцыі.

Палітык Вячаслаў Сіўчык, які напярэдадні выйшаў на волю пасля адбыцця 10 сутак адміністрацыйнага арышту, у інтэрв’ю Еўрарадыё выказаў спадзяванне, што рэпрэсіі не зломяць духу супраціву індывідуальных прадпрымальнікаў:

“Мы ўсе, беларускія грамадзяне, мусім ганарыцца, што ў беларускіх прадпрымальнікаў хапіла сілаў правесці пратэстныя акцыі ў абарону сваім правоў. Бо абараняючы свае правы сёння, беларускія прадпрымальнікі абараняюць і ўсё беларускае грамадства. Я спадзяюся, што барацьба за свае правы прадпрымальнікамі будзе працягвацца”.

Нагадаем, індывідуальныя прадпрымальнікі пратэстуюць супраць прэзідэнцкага ўказа № 760, які моцна абмяжоўвае іх правы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі