23 чэрвеня на “Лініі Сталіна” загінуць усе

У тэатралізаванай рэканструкцыі эпізодаў Другой сусветнай вайны сутыкнуцца каля 200 “актораў” з вайсковых клубаў Беларусі, Расіі і Украіны, будуць растраляныя тысячы патронаў, але немцы не пройдуць! Даведаўшыся, што 23 і 24 чэрвеня ў гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна” будзе адбывацца тэатралізаванае шоў, Еўрарадыё вырашыла даведацца, як сцэнарысты інтэрпрэтуюць гісторыю і хто пераможа. Па тлумачэнні звярнуліся да дырэктара Аляксандра Мятлы.

Аляксандр Мятла: “Мы не ставім за мэту — хто каго пераможа. Таму што і з таго, і з другога боку — гэта нашы. Толькі пераапранутыя немцамі”.

Распавёў ён і пра тое, што сцэнар тэатралізаванага шоў пісалі самі супрацоўнікі. І спецыяльна для Еўрарадыё — што чакае гледачоў.

Аляксандр Мятла: “Прыедзе “Чырвоная зорка” з Кіева, клуб “РККА” з Масквы, і будзе наш клуб “Салдаты Перамогі”. Памежнікі з сучаснага мірнага жыцця пакажуць інсцэніроўку прарыву мяжы, затрымання сабакамі парушальнікаў. І самалёт будзе бамбіць, і дэсантнікі будуць скакаць. Завяршаецца ўсё тым, што ідзе рукапашны бой і ўсе гінуць”.

Са Шклова прывязуць адноўлены танк “БТ-7”, таксама аднавілі нямецкі бронетранспарцёр.

Аляксандр Мятла: “Гарматы будуць “ЗІС-3”, “саракапяткі” будуць страляць прамой наводкай… Канешне, халастымі”.

Штодня на шоў чакаецца каля 10 тысяч гледачоў. Дырэктар сцвярджае, што кожны з прысутных атрымае магчымасць перажыць эмоцыі бою, панюхаць паху ад выбухаў гармат і стрэлаў аўтаматаў. Карэспандэнт Еўрарадыё прапанаваў для больш рэальнага ўяўлення браць гледачоў у палон і ставіць да сценкі, але Аляксандр Мятла ўпэўніў, што для гэтага дастаткова накарміць іх кашай з палявой кухні.

Прэзідэнта сярод запланаваных 10 тысяч гледачоў на тэатралізаваным шоў эпізодаў вайны не будзе. Інакш, кажа дырэктар комплексу, іх бы ўжо даўно пра гэта папярэдзілі.

Аляксандр Мятла: “Ён ужо бачыў гэта, і нам бы ўжо доўна сказалі”.

Затое будзе шмат, кажа дырэктар “сталінскай лініі”, паважаных людзей з абл-, рай- і Мінгарвыканкаму, розных міністраў і дэпутатаў. Праўда, з іх 10 тысяч не набярэш, і таму патрапіць на шоў змогуць і звычайныя людзі – па квітку коштам 5 тысяч рублёў.

Падобныя мерапрыемствы – задавальненне не таннае. Кожны патрон, кажа дырэктар комплексу, каштуе 2 долары.

Аляксандр Мятла: “У Расіі адзін патрон каштуе 2 долары, а мы іх скарыстаем тысячы. Акрамя таго піратэхнічныя зарады, выбухі. Трэба сустрэць гасцей, накарміць, начоўку”.

Аплаціць шоў немагчыма будзе толькі грашыма з квіткоў. Таму большую частку выдаткаў аплоцяць спонсары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі