27 ліпеня -- дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі

Сёння -- дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. У 1996 г. дзяржаўнае свята скасаванае Аляксандрам Лукашэнкам. Святкаванне сёлета ў Мінску было забароненае Мінгарвыканкамам. Дэкларацыя 1990 году абвясціла "поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і поўнасць дзяржаўнай улады краіны ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў, незалежнасць краіны ў знешніх адносінах".
25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статут канстытуцыйнага закону, на падставе якога былі зробленыя змены і дадаткі ў Канстытуцыю 1978 г. Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 г.
З 1991 па 1996 гг. галоўнае нацыянальнае свята Беларусі — Дзень незалежнасці — адзначалася 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, падчас рэферэндуму 1996 г., было прынятае рашэнне пра святкаванне Дня незалежнасці 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад фашыстаў.

Учора, 26 ліпеня, актывісты моладзевай арганізацыі Партыі БНФ "Моладзь БНФ" правялі ў Менску акцыю па выпадку 18-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Каля дзесятка маладых людзей прайшлі ад будынка цырка да пляца Якуба Коласа, раздаючы мінакам значкі з гістарычным гербам "Пагоня" і віншавальныя паштоўкі. У іх гаварылася, што галоўнай каштоўнасцю дэкларацыі стала аб'яўленне незалежнай дзяржавы — Беларусі. "Сёння нашай незалежнасці -- 18 гадоў. Прыйшоў час прымаць важныя рашэнні і адказваць за свой лёс, час пачынаць самастойнае жыццё ў новай, вольнай і незалежнай краіне", — напісалі ў віншаванні маладыя актывісты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі