3 лістапада ў Мінску пройдзе антыкамуністычны форум

У Мінску пройдзе кангрэс “У будучыню без камунізму”. Ён прызначаны на 3 лістапада.  У аргкамітэт па яго правядзенню ўвайшлі: Павел Севярынец, адзін з кіраўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Алесь Міхалевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ, Ігар Кузняцоў, гісторык, даследчык бальшавіцкіх злачынстваў у Беларусі.

Іх узрушыла, што з падачы беларускіх уладаў, 3-5 лістапада сёлета ў Мінску мусіць прайсці міжнародная сустрэча камуністычных партыяў.

Таму Севярынец, Міхалевіч і Кузняцоў задумалі правядзенне ў Мінску форума, каб прадэманстраваць усяму свету, што “Беларусь не будзе фарпостам камуністычнай экспансіі ў Еўропе”.

Вось што распавёў “Еўрарадыё” Алесь Міхалевіч:

“Мы хочам паказаць, што беларускі народ з’яўляецца часткай еўрапейскай цывілізацыі і з’яўляецца нацыяй, якая пацярпела ад камуністычнай улады. І мы ніколі не змірымся з распаўсюдам такой антыгуманнай ідэалогіі, як камунізм”.

Паводле словаў Міхалевіча, на кангрэс збяруцца прадстаўнікі абсалютна розных арганізацый, у тым ліку моладзевых. Чакаюцца госці з замежжа.

Зараз рыхтуюцца даклады пра злачынствы камунізму і праект рэзалюцыі з пратэстам супраць правядзення ўсялякіх камуністычных мерапрыемстваў на тэрыторыі нашай краіны. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі