35 студэнтаў паедуць вучыцца ў Еўропу па праграме “Эразмус Мундус”

35 беларускіх студэнтаў і магістрантаў паедуць вучыцца ў еўрапейскія ўніверсітэты па праграме “Эразмус Мундус”. Конкурс на яе сёлета склаў амаль 10 чалавек на месца!

Еўракамісія яшчэ летась вырашыла прафінансаваць другі кампанент праграмы "Эразмус Мундус" для універсітэтаў з Беларусі, Украіны і Малдовы.

"Агульны бюджэт усяго кансорцыуму – каля 5 мільёнаў еўра. Гэтыя грошы разлічаныя на 48 месяцаў", – распавёў каардынатар праектаў у сферы адукацыі і культуры прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Вячаслаў Шэлегейка.

Ад нашай краіны ў кансорцыум увайшлі дзве ВНУ – Беларускі дзяржаўны і Брэсцкі дзяржаўны універсітэты.

У БДУ падалі 261 заяўку на ўдзел у праграме: 202 студэнты і 35 магістрантаў. Але пашанцавала толькі 12 студэнтам і 12 магістрантам, распавяла Еўрарадыё супрацоўніца міжнароднага аддзела ўніверсітэта Людміла Кацько. Па яе словах, конкурс для аспірантаў і выкладчыкаў працягнулі да красавіка.

"На пасяджэнні кансорцыума было вырашана падоўжыць конкурс для пэўных катэгорый. Таму на сённяшні момант згодна са спісамі былі адабраныя кандыдаты толькі па 2 тыпам мабільнасці. Казаць аб канчатковым спісе і выніках па БДУ мы зможам толькі ў канцы красавіка. Калі казаць аб такіх катэгорыях як студэнт і магістр, то прайшло 24 чалавекі".

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце падалі 40 заявак – 32 студэнцкія абмены, 3 магістарскія, 1 аспірант, 2 навукоўцы і 2 выкладчыкі. Абралі кандыдатаў пакуль таксама толькі сярод студэнтаў і магістрантаў, распавёў Еўрарадыё кіраўнік аддзела па міжнародных сувязях БрДУ Аляксей Хоміч.

"Ад нас падавалася 32 заяўкі з боку студэнтаў малодшых курсаў, па катэгорыі студэнт. Магістраў было 3 заяўкі, прайшла адна, а сярод студэнтаў 10".

У межах праекту для Беларусі запланавана 65 абменаў для студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў. Яны могуць працягваць вучобу ва універсітэтах Турку (Фінляндыя), Бардо (Францыя), у Гумбальдскім універсітэце Берліна, а таксама ў ВНУ Літвы, Італіі, Грэцыі, Польшчы, Партугаліі.

Студэнты, якія хацелі удзельнічаць у праекце, павінны былі звярнуцца ў свае дэканаты ў верасні 2010 года, дзе складаліся спісы. Усяго ў дзвюх ВНУ была 301 заяўка, але прайшлі пакуль толькі 35 чалавек, канчатковы адбор па некаторых накірунках працягнуты да канца красавіка. Адбор студэнтаў праводзіўся ў некалькі этапаў. Спачатку ўсе заяўкі дасылалі ва універсітэт Дэюста (Deusto) з Іспаніі, які курыруе праект, пасля ўжо кожны канкрэтны ўніверсітэт праводзіў адбор. Тым студэнтам, якім пашчасціла патрапіць на праграму, Еўракамісія выдзеліць стыпендыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі