3,5 тысячы рублёў за 5 гадоў: якую пенсію могуць назапасіць беларусы дадаткова
Па новай сістэме адлічэнні з заробкаў вырастуць, але пенсіям гэта асабліва не дапаможа / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
З 1 кастрычніка ў Беларусі можна дадаткова адлічваць на пенсію. Згодна з указам №367 "Аб добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі" па дасягненні пенсійнага ўзросту чалавек і атрымае выплаты ад дзяржавы, і будзе паступова вяртаць свае назапашаныя сродкі ў дадатак да пенсіі.
Збіраць грошы даручана дзяржаўнай страхавой кампаніі "Стравіта". Яе гендырэктар расказаў, як гэта будзе выглядаць. Адкладаць на пенсію можна ад 1% да 10% заробку. Даход абяцаюць у памеры стаўкі рэфінансавання — цяпер 12% гадавых. Плюс працадаўца дадае да адлічэнняў работніка столькі ж, калі яны не перавышаюць 3% ад заробку. Для адлічэнняў большых памераў проста дадаецца 3%. Калі хтосьці да пенсіі раптам не дажыў, то яна пераходзіць да спадчынніка.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, якія ёсць рызыкі пры назапашванні пенсій па прапанаванай схеме, і палічыла, ці ёсць усё ж выгада.
Не падобна да надзейнага ўкладання
Сутнасць пенсійнага назапашвання ў тым, каб грошы захаваць і пажадана прымножыць да старасці. А дзе, уласна, яны будуць захоўвацца?
— Назапашаныя сродкі будуць размяшчацца ў фінансавыя інструменты — дзяржаўныя каштоўныя паперы, аблігацыі, а таксама ўклады ў дзяржаўных банках, — пераказвае БЕЛТА словы кіраўніка "Стравіты" Сяргея Андрыевіча.
Фактычна за кошт пенсійных укладанняў улады хочуць павялічваць унутраны дзярждоўг. Гэта дрэнная навіна для патэнцыйных укладчыкаў, адзначае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.
— У нас дзярждоўг фактычна знаходзіцца ў тэхнічным дэфолце. Вядома, у першую чаргу гэта датычыцца замежных выплат. Тым не менш беларускія дзяржаўныя аблігацыі не выглядаюць як вельмі надзейныя ўкладанні, — кажа Кацярына Барнукова. — Ёсць і іншыя прычыны. Мы разумеем, што ў доўгатэрміновым перыядзе бюджэт дэфіцытны і ў прыватнасці менавіта таму, што ў нас старэе насельніцтва. Няма адкуль плаціць пенсіі, бюджэт вымушаны пераводзіць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Ёсць імавернасць, што да моманту вяртання грошай бюджэт усё яшчэ будзе дэфіцытны. За кошт чаго тады аддаваць грошы беларусам?
— Тое самае датычыцца ўкладанняў у беларускія банкі або ў аблігацыі Банка развіцця. Гэта ўстановы пад масай санкцый і пры гэтым вымушаныя фінансаваць дзяржпрадпрыемствы. Наўрад ці яны змогуць без вялікіх узрушэнняў перажыць наступныя гады, калі не адбудзецца пазітыўных змен у краіне.
У ідэале частка грошай будучых пенсіянераў павінна захоўвацца за мяжой. Аднак, улічваючы палітычныя абставіны, незразумела, дзе Беларусь магла б сёння надзейна размясціць сродкі.
А гэта дакладна даходнасць?
Акрамя таго, важна, на якіх умовах адкладаць на пенсію. Кіраўнік "Стравіты" заявіў, што даходнасць укладанняў будзе ў памеры стаўкі рэфінансавання. Цяпер гэта 12%. Але ў Беларусі гадавая інфляцыя па выніках жніўня склала 17,9%. Выходзіць, грошы абясцэньваюцца хутчэй, чым назапашваюцца.
— Стаўка рэфінансавання ў бягучай сітуацыі нават не абараняе ад інфляцыі. Гэта досыць смешна. Калі браць сённяшнюю стаўку і сённяшні ўзровень інфляцыі, то атрымаецца, што вы прагарэлі ў рэальным значэнні. Калі параўнаць з пенсійнымі ўкладамі ў іншых краінах, стаўка адсотка там адпавядае рынкаваму росту каштоўных папер. І рынак каштоўных папер расце звычайна значна хутчэй, чым стаўка рэфінансавання, — працягвае Кацярына Барнукова.
Паколькі стаўка рэфінансавання і інфляцыя ўсё ж могуць мяняцца, не вельмі зразумела, якой будзе даходнасць праз некалькі гадоў. Праўда, ёсць іншыя фактары, якія ўплываюць на памер пенсіі. Гэта абяцанне дзяржавы дадаваць да 3% вашага заробку да пенсійных назапашванняў. Плюс "Стравіта" прапануе не менш за 50% дадатковага даходу ад інвеставання грошай укладчыкаў. На думку Кацярыны Барнуковай, магчыма, што "Стравіта" атрымае гэты дадатковы даход, але можа быць і па-іншаму. Залежыць ад таго, куды страхавая кампанія вырашыць аднесці грошы.
— Гледзячы якія аблігацыі, дэпазіты. Мінфін прымудраўся размяшчаць аблігацыі пад пяць адсоткаў гадавых у беларускіх рублях, — адзначае суразмоўніца. — Пры гэтым толькі чамусьці палова размяркоўваецца паміж назапашвальнікамі. Відаць, тут страхавы механізм маецца на ўвазе. Калі мы ўклалі грошы і атрымалі больш — мы аддаём палову. А калі мы ўклалі грошы і прымудрыліся пры гэтым атрымаць менш, тады мы будзем пакрываць гэта са сваёй кішэні да стаўкі рэфінансавання.
Дык на што разлічваць будучым пенсіянерам?
Самім разабрацца, колькі ж атрымаецца ў выніку, калі збіраць 5 або 10 гадоў, даволі складана. Таму з разлікамі нам дапамог навуковы супрацоўнік BEROC Алег Мазаль.
Дапусцім, на пенсію збірае беларус з сярэднім заробкам. У жніўні ён склаў 1665,5 рубля. Няхай штомесячныя адлічэнні складуць 3% — гэта амаль 50 рублёў. Таксама ўявім, што стаўка рэфінансавання і інфляцыя будуць у найбліжэйшыя гады такімі самымі, як цяпер.
— Пры ўмове стаўкі рэфінансавання 12% і штомесячных страхавых узносаў 100 рублёў (50 рублёў работнік і 50 — наймальнік) атрымліваецца, што з гэтай сумы на працягу пяці гадоў сума дадатковай пенсіі складзе 8034,18 рубля. На працягу 10 гадоў 22193,33 рубля. Калі работнік будзе адлічваць 50 рублёў на дэпазіт у банку пад бягучую адсоткавую стаўку 18,71%, праз пяць гадоў будзе 4715,48 рубля і праз 10 гадоў — 15834,48 рубля.
Выходзіць, назапашваць па новай сістэме больш выгадна, чым проста пакласці грошы на дэпазіт. Аднак ёсць яшчэ інфляцыя, якая пад'есць назапашаныя сродкі. Пры гадавой інфляцыі 17,9% вашы 8034,18 рубля ў 2022 годзе і ў 2027 годзе — зусім розныя рэчы. У 2027 годзе яны будуць роўныя па пакупной здольнасці 3526,73 рубля ў 2022 годзе. А на 22193,33 рубля ў 2032 годзе можна будзе купіць столькі сама, колькі ў 2022 годзе на 4276,46 рубля.
Атрымліваць назапашаныя выплаты можна будзе на працягу 5 або 10 гадоў па выбары ўкладчыка. Калі пяць гадоў забіраць тое, што назапашана таксама за пяць гадоў, то штомесячныя выплаты складуць 58,8 рубля (у рэальным выражэнні). А калі назапашаныя сродкі за 10 гадоў забіраць такі самы прамежак часу, то дадатковая пенсія будзе 35,6 рубля.
— Выплаты ў грамадзян з заробку вырастуць да 10%, а пасля гэта адбяруць праз інфляцыйны падатак. Друкаваць грошы Нацбанк ужо пачаў, — рэзюмуе Алег Мазаль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.