700 мінчукоў рынуцца па бясплатную моркву аўтобуснай калонай

Улады Нясвіжскага раёну падалі сігнал SOS: не можам справіцца з гіганцкім ураджаем морквы, цыбулі ды бульбы. На дапамогу правінцыі выязджае 700 працаўнікоў з Першамайскага раёну сталіцы. Не палохайцеся, калі пабачыце калону з двух дзесяткаў аўтобусаў. Гэта не спецназ едзе разганяць статысячны мітынг - гэта сталічныя рабацягі спяшаюцца на збор ашаламляльнага ўраджаю ў Нясвіжскім раёне.  Калона стартуе ў бок горада Радзівілаў раніцай ў суботу 18 кастрычніка.


"Ад'язджаюць аўтобусы цэнтралізавана, ад адміністрацыі Першамайскага раёну сталіцы, у 7 гадзін 15 хвілін раніцы, - паведамляе Алена Быкава, начальнік аддзела па справах моладзі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінску. - Накіроўваемся ў Нясвіжскі раён, гэта дзве гадзіны язды. Там, здаецца, карміць плануюць. Гарбата, бутэрброды, выпечка. З сабой трэба мець вёдры і сеткі".

За збор нясвіжскага ўраджаю будуць даваць прэміі: пяць працэнтаў ад сабранага можна забіраць сабе. Таму аўтобусы бітма набітыя ахвотнымі ўзбагаціцца бульбай.

"Загад зверху прыйшоў. Сказалі, што трэба сабраць 700 чалавек з прадпрыемстваў Першамайскага раёну, - расказвае Еўрарадыё Людміла, супрацоўніца Мінскага механічнага заводу імя Вавілава. - Там морква, бульба, капуста. Едзем на цэлы дзень, без ежы, толькі аўтобус выдаюць і, можа, адзін дзень адгулу. Калі сабраў тону, то пяць адсоткаў табе даюць як прэмію, каб сам вёз дадому".

Еўрарадыё: "А ў вас прымусу не было?"

"Дык наадварот, мужыкі з жонкамі разам хочуць ехаць, каб паболей морквы набраць".

Як высветліла Еўрарадыё, дзесяткі гектараў гародніны ляжаць на палях прыватнага сельскагаспадарчага прадпрыемства ЗАТ "РОСІЧ".

Праца мінскага дэсанту будзе лімітаваная. Збіраць гародніну дазволяць да паловы на трэцюю дня. Але і за гэты час працаўнікі спадзяюцца назапасіць гародніны на цэлую зіму. Прэмію ў пяць працэнтаў ад сабранага аддадуць на месцы. Яе на тых жа аўтобусах з калоны можна будзе адвезці ў Мінск. Праўда, прэмію дадуць з той гародніны, якую вы збіралі.

"Хто на чым будзе працаваць, той тое і будзе атрымоўваць. Хто моркву, хто цыбулю, хто бульбу, - тлумачыць Людміла Мядзведзева, начальнік аддзела эканомікі Нясвіжскага райвыканкаму. - Гэты год увогуле быў небывалы ў плане ўраджаю. Гэта і хімпраполкі, і ўгнаенні, і добрае надвор'е, тэхнікі шмат новай закупілі".

Нясвіжскі раён лічыцца адным з самых пладавітых па ўраджаю гародніны ў краіне. Але такіх паказчыкаў не чакалі нават апантаныя аптымісты.

"Раней мы прыбіралі свой раён самі, заўсёды без аплаты, - працягвае Людміла Мядзведзева. - Але ў гэтым годзе інвестар (ЗАТ "РОСІЧ". - Еўрарадыё) пасадзіў так шмат бульбы і цыбулі, што самі не справімся. Адной бульбы 30 гектараў, цыбулі 6 гектараў. Ёсць праблемы, таму папрасілі нашых шэфаў - Першамайскі раён Мінску. І яны сабралі людзей і едуць з Мінску".

З дапамогай сталічных працаўнікоў плануецца сабраць ураджай на плошчы, роўнай 56 сучасным футбольным палям. Калі атрымаецца ўсё гэта прыбраць і давезці дадому прэміі, зіма для мінчукоў, якія выбраліся ў Нясвіж, пераўтворыцца ў бульбяны, маркоўны ці цыбульны рай.

Фота BBC

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі