9 траўня святочны салют ў Мінску ўпершыню будзе дадзены з сямі установак

У Мінску 9 траўня святочны салют упершыню будзе дадзены з сямі салютных установак. Пра гэта на канферэнцыі паведаміў начальнік аддзела ўпраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык. Раней у Мінску салют давалі з чатырох установак. Дзве салютныя ўстаноўкі будуць размешчаны каля стэлы "Мінск - горад-герой", па адной - на пустэчы ў раёне вуліцы Матусевіча, на скрыжаванні вуліц Гарэцкага і Панамарэнкі, праспекта Дзяржынскага і вуліцы Дружбы, у парку імя 900-годдзя Мінска (набярэжная Чыжоўскага вадасховішча) і каля Дома міласэрнасці ў мікрараёне Усход.

Святочныя салюты ў Мінску, Брэсцкай крэпасці і абласных цэнтрах будуць дадзены 30 залпамі ў 22 гадзіны. "Калі воблачнасць будзе нізкай, будзем даваць залпы меншай магутнацсі", - зазначыў Раменчык.

Таксама ўпершыню на плошчы Перамогі ў Мінску будзе ўстаноўлена гасцявая трыбуна на 250 чалавек для тых ветэранаў, якія па стане здароўя не змогуць узяць удзел у шэсці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі.

Чакаецца, што ў шэсці возьмуць удзел не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, але і кіраўніцтва краіны, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раёнаў горада. Усяго ў шэсці возьме ўдзел 220 чалавек. На 15 пляцоўках уздоўж праспекта Незалежнасці будуць праходзіць канцэрты.

Прамая трансляцыя шэсця будзе весціся на размешчаных у горадзе святлодыёдных экранах, экранах у метро і па Першым канале беларускага тэлебачання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі