ААН разгледзіць праект рэзалюцыі аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі

Дэлегацыя ЗША вынесла на разгляд Трэцяга камітэта Генеральнай асамблеі ААН праект рэзалюцыі, у якім гаворыцца, што ў Беларусі працягваюцца сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, а таксама ўціск і пераслед СМІ, апазіцыі і праваабаронцаў. Такім чынам, амерыканская дэлегацыя прапанавала дзяржавам — членам ААН асудзіць становішча з правамі чалавека ў Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт ААН. У дакуменце падкрэсліваецца, што ўлады Беларусі не адрэагавалі на крытыку міжнароднай супольнасці ў дачыненні да парушэнняў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і зноў не выканалі свае міжнародныя абавязацельствы ў адносінах да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у муніцыпальныя органы ў студзені 2007 года.

У праекце рэзалюцыі звяртаецца ўвага на практыку пазбаўлення няўрадавых арганізацый магчымасці функцыянаваць, уціску і затрымання беларускіх журналістаў і часовай забароны дзейнасці незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

У дакуменце ўтрымліваецца заклік да ўрада Беларусі неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах, а таксама спыніць судовы пераслед і іншыя рэпрэсіі палітычных апанентаў, якія выступаюць за дэмакратыю, актывістаў, праваабаронцаў, а таксама незалежных СМІ.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас заклікаў адклікаць праект рэзалюцыі па Беларусі, заявіўшы, што галасаванне па краінавых рэзалюцыях — гэта чарговая спроба легітымізацыі расколу дзяржаў — членаў ААН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі